Аркадзь Смоліч: служэнне роднаму краю
Да 17 ліпеня ў філіяле “Беларуская хатка” Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры ў Менску будзе працаваць часовая літаратурна-дакументальная экспазіцыя “Аркадзь Смоліч: служэнне роднаму краю”. Выстава прымеркавана да 85-годдзя з дня смерці Аркадзя Смоліча – таленавітага вучонага, дзеяча беларускага нацыянальнага адраджэння.

Аркадзь Смоліч – навуковец, грамадскі дзеяч, краязнаўца, выкладчык, выдавец, рэдактар, публіцыст. Светлы чалавек, які паспяхова праявіў свой талент у розных галінах навукі, зрабіў значны ўнёсак у развіццё роднага краю.
Адным з першых, з кім сустрэўся Максім Багдановіч, ступіўшы на беларускую зямлю, быў менавіта Аркадзь Смоліч – шчыры сябар і аднадумца, які ўвесь час прысутнічаў у жыцці паэта на Радзіме, падтрымліваў яго. Вялікае задавальненне прыносіла ім абодвум грамадская праца, сустрэчы ў клубе нацыянальнай інтэлігенцыі “Беларуская хатка”, дзе збіраліся разам, каб падзяліцца думкамі, правесці час, ладзілі сустрэчы з дэкламацыяй вершаў.
На выстаўцы “Аркадзь Смоліч: служэнне роднаму краю” ўвазе наведвальнікаў прадстаўлены прадметы, звязаныя з асобай Аркадзя Смоліча: фатаграфіі, кнігі, рукапісы, эпісталярыі, дакументы. У аснову часовай экспазіцыі пакладзены матэрыялы з фондаў Літаратурнага музея Максіма Багдановіча.


Беларускае Радыё Рацыя