Аршаншчына ў люстэрку фалерыстыкі



Калекцыянераў у Беларусі вельмі шмат, якія калекцыянуюць усё: ад манет да паштовак і каляндарыкаў. Сярод беларускіх калекцыянераў-фалерыстаў добра вядомыя імёны Алеся Сярожкіна з Оршы і Мікалая Міронава з Менска. Нядаўна яны выпусцілі ў Менску цудоўную кнігу “Аршаншчына ў люстэрку фалерыстыкі”. “Наша асноўная задача – падсумаваць усё тое, што ёсць на сённяшні дзень у беларускай фалерыстыцы пра Аршаншчыну”, – сказаў Алесь Сярожкін – адзін з аўтараў выдання.

У кнігу ўвайшлі сотні ілюстрацый пра Аршаншчыну і ўсё, што з ёй звязана і адносіцца да фалерыстыкі. Гэта значкі з гербам Оршы 1620, 1781, 1971 гадоў, значкі, прысвечаныя юбілеем Оршы, Аршанскай бітве 1514 года, Другой сусветнай вайне.

Заводы і фабрыкі Оршы таксама выпускалі розныя юбілейныя значкі і медалі. Найперш клапаціўся пра гэта Аршанскі станкабудаўнічы завод “Чырвоны барацьбіт”, заснаваны ў 1900 годзе, Аршанскі льнокамбінат, Аршанская фабрыка пашыву адзення, Аршанскі хлебазавод, Аршанскі мясакансервавы завод і іншыя.

Увайшлі ў кнігу і адзнакі фалерыстыкі Аршанскага раёна. Найперш, населеных пунктаў Копысь, Барань, Балбасава, Смаляны, Вусце, Арэхаўск. Згадваецца ў выданні і пра радыётэхнічны завод “Чырвоны Кастрычнік” у Барані, які ў 1960-х гадах выпускаў значкі і медалі.

Выпускаліся значкі, прысвечаныя Купалаўскаму мемарыяльнаму запаведніку “Ляўкі” – філіялу Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы. У Ляўках у 1935-1941 гадах на дачы жыў і працаваў песняр беларускага народа, народны паэт Беларусі Янка Купалы (1882-1942). Тут быў ім напісаны “Ляўкоўскі цыкл” выдатных вершаў. А ў 1978 годзе ў Ляўках адкрылі Купалаўкі запаведнік. Выдаваліся значкі, прысвечаныя і запаведніку “Ляўкі”, пра які таксама згадваецца ў кнізе Алеся Сярожкіна і Мікалая Міронава.

Шмат адзінак фалерыстыкі прысвечана выдатнаму беларускаму пісьменніку Уладзіміру Караткевічу (1930-1984), які нарадзіўся ў Оршы.

Асобныя старонкі выдання адведзены значкам, прысвечаным гарадам-пабрацімам Оршы, аршанскім клубам, фестывалям, арганізацыям і значкам, з праектамі гербаў населеных пунктаў Аршанскага раёна, спорту…

Наогул, выданне “Аршаншчына ў люстэрку фалерыстыкі” Алеся Сярожкіна і Мікалая Міронава – гэта не толькі добры крок у вывучэнне беларускай фалерыстыкі, але і нашай гісторыі ў цэлым.

Беларускае Радыё Рацыя