Аўтару песні „Беларусь, наша маці-краіна” – 130 гадоў
4 красавіка спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння беларускага кампазітара, музычнага і тэатральнага дзеяча Міколы Куліковіча-Шчаглова (1893-1963).

Нарадзіўся кампазітар на беларускай Смаленшчыне. Рана застаўся сіратой, часта гасцяваў у цёткі, якая была ігуменняй жаночага манастыра ў Цвяры. Там хлопчык пачаў спяваць у хоры і хутка звярнуў на сябе ўвагу выкладчыкаў Маскоўскай сінадальнай музычнай вучэльні, якія шукалі на правінцыі здольных музыкаў. Праз некалькі гадоў Мікола Куліковіч-Шчаглоў скончыў Маскоўскую кансерваторыю.
У 1936 годзе ён прыехаў у Менск, стаў адным з арганізатараў Опернага тэатра і дырыгентам яго сімфанічнага аркестру. Працаваў рэдактарам на беларускім радыё. Да пачатку Другой сусветнай вайны ён быў ужо вядомым кампазітарам, таму застаўся пад нямецкай акупацыяй.

У 1944 годзе ўзначаліў музычны аддзел Беларускага культурнага згуртавання. На лібрэта Наталлі Арсенневай напісаў дзве оперы: лірычна-рамантычную “Лясное возера” і гістарычную “Усяслаў Чарадзей”, а таксама апярэту “У вырай”. З музыкаю кампазітара ў Менскім драматычным тэатры быў пастаўлены спектакль ”Затонуты звон” паводле п’есы Гергерта Гаўптмана і рыхтаваўся “Кастусь Каліноўскі” Еўсцігнея Міровіча, які забараніла нямецкая цэнзура.
Пасля Другой сусветнай вайны беларускі кампазітар жыў на Захадзе. На эміграцыі працягваў натхнёна служыць сваёй музе. У 1946 годзе ён арганізаваў вандроўны беларускі тэатр эстрады, які аб’ехаў з канцэртамі ўсю Заходнюю Нямеччыну. У гэты час стварыў музыку да Святой літургіі. Жывучы з 1950 года ў ЗША, ён выдаў пяць зборнікаў з апрацоўкамі народнага фальклору і з ўласнымі песнямі, у ліку якіх былі “Беларусь, наша маці-краіна” і “Ў гушчарах” на вершы Наталлі Арсенневай, а таксама “Пагоня” на словы Максіма Багдановіча і многія іншыя.

У 1959 годзе Мікола Куліковіч-Шчаглоў пераехаў у Чыкага, дзе кіраваў хорам беларускай грэка-каталіцкай царквы Хрыста-Збаўцы. Напісаў шмат музыказнаўчых артыкулаў, меў сваю музычную студыю. Быў жанаты на салістцы Харкаўскай оперы Надзеі Грандэ.
Пасля смерці Міколы Куліковіча-Шчаглова, яго багаты архіў быў перададзены ў Беларускую бібліятэку імя Фрацыска Скарыны ў Лондане.

Беларускае Радыё Рацыя