Аўтару рамана “Птушкі і гнёзды” – 105



4 жніўня народнаму пісьменніку Беларусі Янку Брылю (1917-2006) спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэння.

Янку Брылю належаць мудрыя словы: “Калі б беларуса прымусіць быць беларусам, які б атрымаўся выдатны беларус!”

Бацька пісьменніка, Антон Данілавіч Брыль, паходзіў з вёскі Загор’е (Загора), што на Наваградчыне, але ў 1914 годзе апынуўся ў Адэсе, дзе ўладкаваўся на працу чыгуначнікам. Там жа ў Адэсе нарадзіўся і будучы пісьменнік. У 1922 годзе сям’я вярнулася на радзіму бацькі ў Заходнюю Беларусь, у родную Загору. У 1931 годзе Янка Брыль скончыў польскую сямігадовую школу ў мястэчку Турэц, потым паступіў у Наваградскую гімназію, але матэрыяльныя абставіны не дазволілі яму працягнуць вучобу. 

Вельмі рана ў юнака прачнулася жаданне выказаць свае думкі і пачуцці ў вершах, апавяданнях. У выніку ў 1938 годзе на старонках папулярнага ў свой час заходнебеларускага часопіса „Шлях моладзі” ўбачылі свет яго першыя літаратурныя спробы.

Іван Вярбіцкі, Янка Брыль, Генадзь Вахтопаў, Генадзь Дзмітрыеў, 1990 г.

Акрамя літаратурных здольнасцей Янка Брыль меў яшчэ і арганізатарскі талент, займаўся культурнай і асветніцкай працай. У роднай вёсцы ён стварыў драматычны гурток, ставіў спектаклі і перакладаў на беларускую мову для тэатральнага рэпертуару творы рускіх і польскіх аўтараў. 

У 1939 годзе Янка Брыль быў прызваны ў польскую армію, якая першай спазнала гітлераўскую навалу. 

Пасля вызвалення Беларусі ў 1944 годзе Янка Брыль пераехаў у Менск. Двойчы абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.

Сябры – Уладзімір Калеснік і Янка Брыль.

Першы зборнік твораў Янкі Брыля „Апавяданні” быў надрукаваны ў 1946 годзе. Услед за ім убачылі свет „Нёманскія казакі” (1947), „Вераснёвая рунь” (1949), „Ліпка і клёнік” (1949), „Зялёная школа” (1951) і аповесць „У Забалоцці днее” (1951), за якую ў 1952 годзе ён атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР. 

За кнігу апавяданняў, замалёвак, нарысаў „Працяг размовы” ў 1963 годзе Янка Брылю была прысуджана Літаратурная прэмія імя Якуба Коласа, а ў 1982 годзе за аповесць „Золак, убачаны здалёк” – Дзяржаўная прэмія Беларусі. У рамане „Птушкі і гнёзды” (1964), які ўвабраў у сябе матэрыялы неапублікаваных аповесцей, Янка Брыль адзін з першых паказаў вайну як супярэчлівую з’яву, увёў у беларускую ваенную прозу тэму духоўных каштоўнасцяў і праблему выбару арыенціраў. 

Янка Брыль з’яўляецца адным з аўтараў кнігі „Я з вогненнай вёскі” (1975), напісанай сумесна з Алесем Адамовічам і Уладзімірам Калеснікам, у якой сабраны ўспаміны людзей, ацалелых падчас карных аперацый фашыстаў, у выніку якіх былі спалены многія беларускія вёскі разам з іх жыхарамі. 

Іван Антонавіч Брыль вядомы як перакладчык твораў Л. Талстога, А. Чэхава, І. Крылова, П. Бажова, Г. Траяпольскага, А. Даўжэнкі, М. Канапніцкай, Я. Івашкевіча, Э. Ажэшкі, Б. Пруса і іншых. Творы пісьменніка перакладзены на шматлікія мовы народаў свету. 

У 1981 годзе Янку Брылю было нададзена званне народнага пісьменніка Беларусі, з 1994 года ён – Ганаровы член Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Янка Брыль быў старшынёй Беларускага аддзялення таварыства „СССР – Канада”, членам Еўрапейскага аб’яднання пісьменнікаў, Міжнароднага ПЭН-клуба ад Беларускага ПЭН-цэнтра. 
Пасля смерці Янкі Брыля сябрамі Таварыства беларускай мовы (ТБМ) быў арганізаваны збор подпісаў з мэтай адкрыцця мемарыяльнай дошкі ў гонар пісьменніка па праспекце Машэрава г. Менска і надання адной з вуліц нашай сталіцы імя Янкі Брыля. У выніку збору подпісаў была ўсталявана мемарыяльная дошка на доме, у якім Янка Брыль жыў апошнія дванаццаць гадоў. Таксама з ініцыятывы ТБМ быў выдадзены мастацкі канверт у гонар пісьменніка. А 26 верасня 2007 года імя Янкі Брыля атрымала вуліца ў менскім мікрараёне Міхалова.

26 жніўня 2009 года імя Янкі Брыля было нададзена адной з вуліц Гдыні (Польшча).

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя