Батумі: ноч расстралянай паэзіі ў новым фармаце



Беларусы Батумі 29 кастрычніка 2022 году далучацца да агульнай акцыі «Ноч паэтаў». Сёлета акцыя будзе адбывацца разам з грузінскімі літаратарамі ў самым цэнтры горада.

Пра фармат акцыі распавядае адзін з арганізатараў, выканаўчы дырэктар «Беларускай дыяспары ў Аджарыі» Аляксей Балашоў:

Мы скантактаваліся з Домам пісьменнікаў у Аджарыі. Ад іх таксама будуць прадстаўнікі, мясцовыя паэты. Будзе і моладзь паэтычная, і больш сталыя паэты. Хутчэй за ўсё нехта далучыцца з украінцаў. І, канешне, беларусы. Традыцыйна будзем збірацца ўвечары. Вызначылі ўжо месца. Збярэмся насупраць Дома пісьменнікаў Аджарыі, тут ёсць невялікі майданчык. Там ёсць помнік мясцоваму пісьменніку, там сонечны гадзіннік. Прыемнае месца каля парка.

Аляксей кажа, што фармат акцыі будзе традыцыйны, і туды, апроч беларусаў і грузін, запрашаюцца людзі іншых нацыянальнасцяў:

Будзем чытаць вершы. Уздымем нашыя сцягі. Будзем узгадваць нашых закатаваных творцаў. Канешне, увечары, бо гэта традыцыйны фармат. А 8-й гадзіне мы збіраемся, і да 22-ай усё будзе праходзіць.

Акцыя «Ноч паэтаў» у грузінскім Батумі будзе адбывацца ўжо другі год. У 2021-м годзе беларусы збіраліся каля помніка перакладчыку і паэту Іллі Чаўчавадзе, што стаіць каля драматычнага тэатра. Тады акцыя сабрала каля 50 удзельнікаў рознага ўзрасту.

Беларускае Радыё Рацыя