„Беларусь на целе” цяпер у Вільні
Фотавыстава гісторый татуіровак, якія беларусы рабілі з прычыны 2020-га года, адкрылася ў Віленскім беларускім музеі імя Івана Луцкевіча.

Тату прысвечана тэмам рэпрэсій, пакідання Радзімы і вайне ва Украіне, адзначае куратарка музея Паўліна Вітушчанка:
– Шматлікія беларусы, якія з’язджалі, яны з’язджалі без нічога. Нельга было ўзяць з сабой ні фотаальбом, ні нейкія рэчы, якія нагадваюць пра сваё мінулае. Таму вельмі натуральным у такім кантэксце выглядаюць такія татуіроўкі, як дзіця і маці, што нагадвае пра мінулае ў Беларусі. Таксама шмат татуіровак пра зняволенне.
Наведаць выставу ў Вільні можна з серады па нядзелю, ад другой да восьмай гадзіны (вуліца Віленская, 20). Наведванне безкаштоўнае.
Аўтаркай ж выставы „Беларусь на целе” з’яўляецца беларуская журналістка Яўгенія Доўгая. Раней яна з’ехала з радзімы ва Украіну, але з пачаткам вайны бегла ў Варшаву. Менавіта там упершыню выстава і пабачыла свет. Новыя ж фота з татуіроўкамі публікуюцца на інстаграм-старонцы праекта body_of_belarus.





Беларускае Радыё Рацыя