«Беларусьфільм» экранізуе раман Караткевіча
Фільм будуць здымаць паводле рамана Уладзіміра Караткевіча „Чорны замак Альшанскі”.

Здымкі фільма будуць праходзіць больш як на 50 розных лакацыях па ўсёй тэрыторыі Беларусі. „У нас ёсць сцэна, якая здымаецца ў чатырох розных лакацыях па ўсёй Беларусі, але гэта адна сцэна. Нашы героі заходзяць у Глыбокім, а выходзяць у Нясвіжы”, – расказаў сцэнарыст праекта Глеб Шпрыгаў.
Ён заўважыў, што фільм не з’яўляецца гістарычна дакладным, а належыць да жанру гістарычнага фэнтэзі.
У сюжэце фільма дзве часавыя лініі: наш час і Сярэдневякоўе.
Здымаць карціну будзе расейскі рэжысёр Кірыл Кузін. У карціне задзейнічаны як беларускія, так і расейскія акцёры.
Архітэктурным прататыпам для здымак стане рэзідэнцыя роду Сапегаў у Гарадзенскай вобласці – Гальшанскі замак, які, уласна, і меў на ўвазе сам Уладзімір Караткевіч, калі пісаў свой раман.
Здымкі фільма „Чорны замак” будуць праходзіць да канца чэрвеня. Потым каманда пачне работу над постпрадакшнам. А сам фільм будзе прадстаўлены ўжо вясной 2024 года.