Беларускі інстытут навукі і мастацтва абраў новага старшыню



21 студзеня 2023 г. адбылося паседжанне Управы БІНіМу, першае пасля адыходу доўгагадовага старшыні Інстытуту Д-ра Вітаўта Кіпеля.

На паседжанні былі абмеркаваныя арганізацыйныя пытанні й творчыя планы. Адзінагалосна выканаўчым старшынём БІНіМу абраны Д-р Юрка Кіпель.

Быў ухвалены план працы на 2023 год, абмеркаваны ідэі на 2024 год. Па-ранейшаму плануецца выданне альманаху «Запісы БІНіМ», кніг, прысвечаных беларускай эміграцыі і яе культурнай спадчыне. Прынята рашэнне аб стварэнні інтэрнэт-сайту Інстытуту.

Выказаныя падзякі за падтрымку й спадзевы на будучую супрацу Беларускай Фундацыі Крачэўскага, Культурніцкай і Адукацыйнай Фундацыі Орса-Рамана, Згуртаванню Беларусаў Свету «Бацькаўшчына».

Управа БІНіМу й сям’я Кіпеляў дзякуе ўсім, хто даслаў ахвяраванні на Інстытут у памяць Д-ра Вітаўта Кіпеля.