Беларускі прафесар напісаў жыццёвую і творчую справаздачу
Доктар філалагічных навук, прафесар Белдзяржуніверсітэта Вячаслаў Рагойша нядаўна адзначыў 80-годдзе. Таму, па яго словах, прыйшла пара для справаздач.

“За восем дзясяткаў гадоў многае пабачана, пачута, адчута і перажыта. Прычым усялякага: і добрага, і кепскага, і салодкага, і горкага, і радаснага, і сумнага… Пра другое, не хочацца ўспамінаць, як і пра тых, хто прыносіў кепскае, горкае, сумнае. А вось пра першае і пра першых хочацца згадаць. Каб пакланіцца ім нізка-нізка, падзякаваць – за навуку, падтрымку. Каб ведалі і іншыя”, — так разважае Вячаслаў Рагойша ў прадмове да свайго аднатомніка “Прыгаршчы светлых згадак. Настаўнікі. Калегі. Сябры”, які нядаўна пабачыў свет у менскім выдавецкім цэнтры БДУ.
Мемуарная кніга Вячаслава Рагойшы складаецца з дзвюх частак, дзвюх «жменяў». У першай з іх — згадкі больш асабістыя, прыватныя: пра бацькоў, жонку, сяброў. Тут згадваюцца таксама настаўнікі (Міхась Ларчанка, Iван Навуменка, Юльян Пшыркоў і іншыя) ці настаўнікі, якія пазней сталі калегамі і нават сябрамі аўтара (Алег Лойка, Адам Мальдзіс, Міхась Мушынскі і г.д.).
У другой “жмені” — аповед пра вядомых беларускіх, рускіх, украінскіх, польскіх, казахскіх пісьменнікаў, вучоных і іх творчасць (Максім Танк, Уладзімір Караткевіч, Іван Шамякін, Алесь Ганчар, Дмытро Паўлычка, Аляксандр Дэйч, Сагінгалі Сяітаў, Мікалай Савосцін, Базыль Белаказовіч, Жубан Мулдагаліеў, Адзі Шарыпаў ды іншыя.). Расказваецца пра росшук родзічаў легендарнага паэта Сяргея Палуяна, пра сустрэчы з музай Якуба Коласа Святланай Сомавай, з вядомымі паэтамі — перакладчыкамі верша Янкі Купалы «А хто там ідзе?» на мовы народаў свету і іншыя. Змешчана ў кнізе таксама і ліставанне Вячаслава Рагойшы з прафесарам Iванам Дзенісюком.
Беларускае Радыё Рацыя