Быў рэдактарам “Беластоцкай праўды”
21 чэрвеня пісьменніку, кандыдату філалагічных навук Сцяпану Майхровічу (1908-1981) спаўняецца 115 гадоў з дня нараджэння.

Родам Сцяпан Майхровіч быў са Случчыны. З дзіцячых гадоў працаваў на гуце. У 1929-1930 гадах быў інструктарам Бабруйскага акруговага камітэта камсамола. Скончыў завочна Менскі педагагічны інстытут. Працаваў рэдактарам раённай газеты (г. Камарын), загадчыкам сектара Беларускага дзяржаўнага выдавецтва, рэдактарам газет «Орка» і «Штандар вольносці» (на польскай мове). У гады Другой сусветнай вайны па асабістай просьбе быў накіраваны ў тыл да партызан, рэдагаваў газету «Белостокская правда». Пасля вайны вярнуўся ў Менск, працаваў дырэктарам Дзяржаўнага выдавецтва БССР, потым – галоўным рэдактарам Вучэбна-педагагічнага выдавецтва БССР. Скончыў аспірантуру пры Менскім педінстытуце, працаваў навуковым супрацоўнікам Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР. Быў узнагароджаны двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, медалямі і польскім ордэнам Віртуці мілітары.

Літаратурнай дзейнасцю пачаў займацца ў 1930 годзе. Аўтар манаграфічных прац і нарысаў па гісторыі беларускай літаратуры «Янка Лучына: Жыццё і творчасць» (1952), «В.І.Дунін-Марцінкевіч» (1955), «Нарысы беларускай літаратуры XIX стагоддзя» (1957), «Максім Багдановіч: Жыццё і творчасць» (1958), «Янка Брыль: Жыццё і творчасць» (1961), «Георгій Скарына» (1966), «Слова аб палку Ігаравым» (1968), «Прыказкі і прымаўкі: Гістарычны нарыс» (1976), «Іван Шамякін: Нарыс жыцця і творчасці» (1978), «Нарыс гісторыі старажытнай беларускай літаратуры XIV-XVIII ст.» (1980) і іншых.
Беларускае Радыё Рацыя