Чаму ў Чарнагорыі быў сарваны клубны канцэрт «Ляпіса Трубяцкога»?



Народная амбасада Беларусі ў Чарнагорыі ў сваім тэлеграм-канале выказала занепакоенасць зрывам выступаў беларускай групы «Ляпіс Трубяцкой» з-за акцый прарасейскіх актывістаў. Канцэрты павінны былі адбыцца ў чарнагорскіх гарадах Котар і Будве, перад гэтым выступ быў адменены ў сталіцы Сербіі Бялградзе.

Сітуацыю каментуе прадстаўніца Народнай амбасады Беларусі ў Чарнагорыі, спадарыня Людміла:

-Прычына зрыва – гэта прарасейскі настроеныя арганізацыі сербаў, судзячы па звароце, які яны пасля скінулі ў інтэрнэт. Як мне падаецца, гэта нешта на местачковым роўні. Нейкія бандыты, якія так вырашылі, і ўціхую ўсё зрабілі, настрашылі. Гэта было асабістае рашэнне арганізатараў і ўладальнікаў клуба. Мы адрэагавалі, калі мы адышлі ад шоку. Доўга шукалі, чаму гэта адбылося.

Вядома, што канцэрт «Ляпіса Трубяцкога» у Чарнагорыі ўсё ж адбудзецца сёння ў Котары. Не апошнюю ролю пры гэтым адыграла Пасольства Украіны ў Чарнагорыі, якое таксама выступіла з афіцыйнай заявай з нагоды папярэдняй адмены канцэрту.

Беларускае Радыё Рацыя