Даследаваў вусна-паэтычную творчасць беларусаў
18 красавіка спаўняецца 185 гадоў з дня нараджэння заолага, батаніка, пелеантолага, мінеролага, фалькларыста, доктара мінералогіі Уладзіслава Дыбоўскага (1838-1910). Уладзіслаў быў родным братам Бенедыкта Дыбоўскага.

Уладзіслаў Дыбоўскі нарадзіўся ў былым маёнтку Адамарын на Маладзечаншчыне. Большую частку свайго жыцця ён пражыў у Беларусі.
Вучыўся ў Дэрпцкім (цяпер Тартускім) універсітэце. Прымаў удзел у паўстанні 1863 – 1864 гадоў, за што быў асуджаны. З 1871 года працаваў на кафедры мінералогіі Дэрпцкага ўнівэрсітэта, а ў 1878 годзе пераехаў жыць у маёнтак Нянькава, што на Наваградчыне.
Уладзіслаў Дыбоўскі збіраў беларускі фальклор. Некалькі прац даследчыка былі прысвечаныя вусна-паэтычнай творчасці беларусаў, яны публікаваліся ў кракаўскім штогодніку “Збор вядомосьці до антрополёгіі краёвэй” (1881 г.).
Асаблівай увагі заслугоўваюць “Беларускія прыказкі з Наваградскага раёна”, які прысвечаныя ў асноўным фразеалогіі Наваградчыны (746 тэкстаў). Акрамя таго аўтарам уключана 22 прыказкі і прымаўкі з Лагойшчыны. Дыбоўскі заўсёды падкрэсліваў, што ў беларусаў многа агульных прыказак з украінскімі і меней з польскімі і рускімі.
Акрамя беларускіх прыказак і прымавак Уладзіслаў Дыбоўскі збіраў і загадкі. Жывучы ў маёнтку Нянькава на Наваградчыне, даследчык падрыхтаваў “Беларускія загадкі з Менскай губерні”, якія былі надрукаваныя ў тым жа кракаўскім штогодніку за 1886 год. Да загадак, змешчаных на беларускай мове, былі дадзены і адказы.
У памяць пра Уладзіслава Дыбоўскага каля шашы Наваградак-Любча ўсталяваны мемарыяльны камень.


Беларускае Радыё Рацыя