Друкаваўся раней за Францішка Багушэвіча



Нашаніўскаму пісьменніку Кандрату Лейку –160 гадоў

17 верасня спаўняецца 160 гадоў з дня нараджэння пачынальніка беларускай літаратуры, аўтара “Нашай нівы” у 1911-1921 гадах, паэта, празаіка і драматурга са Слонімшчыны Кандрата Лейкі (1860-1921), які раней нават за Францішка Багушэвіча пісаў і друкаваў свае беларускія вершы для дзяцей. А гэта былі 1883-1884-я гады. Ужо тады па-беларуску былі напісаны вершы “Бусел”, “Песня ластаўкі”, “Сарока”, “Журавель” і іншыя.

Лёс Кандрата Лейкі быў амаль трагічным. Нарадзіўся ён у вёсцы Збочна Слонімскага павета ў беднай сялянскай сям’і Тодара і Тэклі Лейкаў, які некалі напіша ў сваёй аўтабіяграфіі: “Нарадзіўся я ў 1860 годзе, 17 верасня, здаецца”.

Дзяцей тады ў сялянскіх сем’ях было многа. У сям’і Лейкаў, акрамя Кандрата, гадаваліся яшчэ тры браты. Бацька часта хварэў, таму працаўнік з яго быў слабы. А маці вызначалася працавітасцю, вельмі любіла дзяцей, была ласкавай і добрай.

У Кандрата Лейкі моцна балелі ногі. Халодная раса студзіла ступні, а потым нылі калені, што ноччу немагчыма было заснуць. Ён падыходзіў да матулі, якая сагравала сыночку ножкі, гладзіла іх сваімі мазолістымі рукамі, лячыла іх народнымі сродкамі, бо, каб выклікаць доктара, не хапала грошай.

Кандрат Лейка закончыў Азярніцкае вучылішча і Свіслацкую настаўніцкую семінарыю за казённы кошт. Пасля вучобы ў 1879 годзе яго накіравалі працаваць настаўнікам у мястэчка Косава Слонімскага павета (цяпер гэта Івацэвіцкі раён), якое знаходзіцца 35 вёрст ад роднай вёскі Збочна. Хутка цяжка захварэе маці. У моцную завіруху на санях сын з Косава дабіраецца ў родную вёску. Маці застаў яшчэ жывою, але нічым дапамагчы ён ёй не змог. Яна вельмі хацела жыць, каб пабачыць, які лёс напаткае яе вельмі вучонага сына. 

Пазней сваёй маці Кандрат Лейка прысвеціць два апавяданні “Успамін” і “Таклюся-сухотніца”. Ён так моцна любіў сваю маці, так верыў у яе высокую маральную чысціню і справядлівасць, у яе прыродныя разумовыя здольнасці, што дазволіў ёй, простай сялянцы, у апавяданні ўзнімаць важныя пытанні таго часу. Кандрат Лейка пісаў: “Перад Таклюсяй цяпер неразгаданаю загадкаю стаяла тры цiкавых пытаннi:

 Першае: калi памiж людзьмi будзе праўда?

 Другое: цi дадуць калi-небудзь беднякам зямлi?

 Трэцяе: калi ўсiм людзям дазволена будзе вучыцца i малiцца на сваёй роднай мове?..

Пазней удзячны сын паставіць на магіле маці ў вёсцы Збочны дарагі чыгунны помнік. Гэты помнік захаваўся да сённяшніх дзён.

Пяць гадоў працаваў Кандрат Лейка настаўнікам у Косаве. Тут ён пачаў пісаць на роднай мове свае першыя вершы, датаваныя 1883 годам. Працаваць у Косаве было цяжка, дый не пераставалі балець ногі. А калі ён звярнуўся да доктара, той параіў яму памяняць месца жыцця на цёплы і сухі клімат. І ў 1884 годзе наш зямляк пераязджае ў Харкаўскую вобласць на Украіну. Ён вельмі часта выступае ў друку з артыкуламі на розныя педагагічныя тэмы. Друкаваўся ў пецярбургскіх часопісе “Слепец” і газеце “Южный край”, а таксама ў харкаўскай перыёдыцы — газеце “Губернские ведомости” і “Южный край”. Некаторыя свае артыкулы падпісваў псеўданімам Мрачный.

У 1893 годзе ў Харкаве Кандрат Лейка выдае сваю першую кнігу на рускай мове “Русская азбука.Учебник родной грамоты для классного и домашнего употребления”. Але ў Харкаве Кандрат Лейка не забываў і пра родную мову. У гэты час ён піша шмат паэтычных твораў, прысвечаных птушкам, хатнім жывёлам, а таксама сатырычныя вершы.

У 1911 годзе наш зямляк пераязджае ў горад Валкі Харкаўскай губерні і ўладкоўваецца на працу ў мясцовае павятовае ведамства на пасаду загадчыка навучальнага аддзела. Гэта быў самы плённы і шчаслівы час для Кандрата Лейкі. У Валках Кандрат Лейка наладжвае шчыльныя сувязі з Бацькаўшчынай. Ён перапісваецца з беларускімі дзеячамі і літаратарамі Лявонам Дубяйкоўскім, Гальяшом Леўчыкам, Янкам Купалам, з рознымі беларускімі таварыствамі і камітэтамі, а таксама з рэдакцыямі беларускіх газет і часопісаў. Шмат піша і перакладае з украінскай мовы на беларускую. Свае творы дасылае ў Вільню, а з кастрычніка 1911 года друкуецца ў “Нашай ніве” — апавяданне “Успамін” і верш “Зязюлька”. На старонках “Нашай нівы” з’яўляюцца яго апавяданні, а таксама ў “Беларускім календары на 1916 год”, у “Гомане”, “Беларускай думцы”, пазней — у “Нашай думцы”.

У сваіх апавяданнях і вершах Кандрат Лейка апісваў унутраны свет сваіх герояў, расказваў пра сацыяльныя канфлікты рэчаіснасці. Творы яго па-свойму філасофскія і псіхалагічныя, а таксама разнастайныя па жанру і тэматыцы. Некаторыя з іх, асабліва вершы, напісаныя з гумарам, з баечнай мараллю, з элементамі выкарыстання фальклору. Максім Гарэцкі некалі напіша пра Кандрата Лейку: “Надта здольны нашаніўскі апавядальнік”.

У 1912 годзе ў Вільні асобнай маленькаю кніжачкай выходзіць з друку п’еса Кандрата Лейкі для дзяцей “Снатворны мак”, якую ён прысвяціў вясковым дзецям Слонімскага павету. Яна паклала пачатак беларускай нацыянальнай драматургіі для дзяцей.

У 1917 годзе хвароба ног, якой захварэў у юнацтве, дала пра сябе знаць. А праз год Кандрата Лейку спаралізавала. У чэрвені 1918 года пляменнікі перавезлі яго ў горад Здалбунаў на Валынь да роднага брата Івана.

Перад самай смерцю ён паспеў паслаць у Беларускае Навуковае Таварыства восем сшыткаў сваіх твораў з надзеяй, што таварыства выдасць іх асобнаю кнігаю пад загалоўкам “Засеўкі”. Пра кніжку ён марыў і ў 1914 годзе, калі атрымаў ліст ад Янкі Купалы, які паведамляў, што Беларускае Выдавецкае Таварыства ў Вільні хоча выдаць асобнаю кнігаю ягоныя творы. Але вершы і апавяданні Кандрата Лейкі асобным зборнікам свет так і не пабачылі, а многія з іх проста згубіліся. Ды і сам пісьменнік памёр у верасні 1921 года ў Здалбунаве на Украіне, дзе і быў пахаваны.

Магіла нашага земляка знаходзіцца на адных са старых могілак Здалбунава. За ўсе гэтыя дзесяцігоддзі ніхто з беларускіх літаратараў там ніколі так і не пабываў. Толькі мне напачатку 1990-х гадоў пашанцавала адшукаць там яго магілу і сфатаграфаваць.

Увесь час Кандрат Лейка хацеў вярнуцца на сваю Радзіму, памерці на роднай зямлі. Але гэта яго мара так і не збылася. А ў 2015 годзе я сабраў і выдаў асобнай кнігай творы Кандрата Лейкі “Пан Трудоўскі” у менскім выдавецтве “Кнігазбор”. Нават немагчыма ўявіць, як радаваўся б сёння Кандрат Лейка, калі пабачыў і патрымаў бы ў руках сваю кнігу.

Сяргей Чыгрын, Беларускае Радыё Рацыя

Фотаздымкі з архіва аўтара