Гарадзенскаму біёлагу і краязнаўцу Андрэю Майсяёнку – 80
1 чэрвеня спаўняецца 80 гадоў з дня нараджэння доктара біялагічных навук, прафесара, аднаго з вядучых вучоных у галіне нутрыцыялогіі Беларусі, краязнаўца з Гародні Андрэя Майсяёнка.

Андрэй Майсяёнак нарадзіўся 1 чэрвеня 1943 года ў Глыбокім. Яго бацька Георгій Нікіфаравіч працаваў хірургам у Пліскім і Глыбоцкім раёнах, а пасля вайны ў Шаркаўшчыне і Варапаеве. Маці Антаніна Фёдараўна была настаўніцай біялогіі ў Лужках і на Пастаўшчыне. Пражывалі спачатку Майсяёнкі ў Шаркаўшчыне на кватэры ў Дубашынскіх, бацькоў народнага артыста Беларусі Паўла Дубашынскага. У 1948 годзе Георгія Нікіфаравіча перавялі на працу ў Дунілавіцкую бальніцу, што месцілася ў Варапаеве.
Паколькі бацька быў урачом-хірургам, а маці настаўніцай біялогіі, гэта ў многім абумовіла далейшы жыццёвы шлях іх сына Андрэя. Пасля атрымання сярэдняй адукацыі ў Варапаеўскай СШ у 1959 годзе, юнак паступіў у Гарадзенскі медінстытут, які заканчвае з “адзнакай”, а пасля і аспірантуру пры гэтай навучальнай установе.
У 1970 годзе пачаўся шлях Андрэя Майсяёнка ў акадэмічную навуку. Праз год ён абараніў кандыдацкую дысертацыю. Працаваў на розных пасадах ад кіраўніка лабараторыі Гарадзенскага медінстытута да галоўнага навуковага супрацоўніка Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі. Займаўся выкладчыцкай дзейнасцю.
У 1997 годзе Андрэй Майсяёнак абараніў доктарскую дысертацыю ў Маскоўскім інстытуце біяхіміі. Ён вядомы як вядучы спецыяліст у вобласці вывучэння абмену біяхімічных функцый пантатэнавай кіслаты. З’яўляецца аўтарам шырока вядомых манаграфій па дадзенаму пытанню, ініцыятар правядзення міжнародных сімпозіўмаў. Супрацоўнікамі і вучнямі Андрэя Майсяёнка абаронена 4 доктарскіх і 19 кандыдацкіх дысертацый. З-пад яго пяра выйшлі больш за 450 навуковых работ і 20 аўтарскіх пасведчанняў па вынаходніцтву…
З даўняга хобі заняткаў па гісторыі медыцыны вырасла захапленне ў вучонага краязнаўствам. Андрэй Георгіевіч прымаў удзел у канферэнцыях памяці Язэпа Драздовіча, займаўся даследаваннем жыцця і дзейнасці вандроўнага мастака, устанавіў абставіны яго смерці. Прафесар Майсяёнак быў старшынёй аргкамітэта Міжнародных гісторыка-краязнаўчых чытанняў у Лідзе (1993 г.). З’яўляецца адным з заснавальнікаў Беларускага фонду імя Адама Міцкевіча. Ён напісаў шэраг артыкулаў па гісторыі медыцыны на Беларусі, а ў 1990 годзе быў абраны намеснікам старшыні камісіі Гарадзенскага аблвыканкама па навуцы, культуры і адукацыі, узначальваў Гарадзенскую краязнаўчую асацыяцыю. З 1991 года займаецца стварэннем нацыянальнага фонду рукапісаў, старадрукаў, рэдкай кнігі і перыёдыкі імя Храптовіча. Заўсёды выступае за вывучэнне і захаванне беларускай культурна-гістарычнай спадчыны. На жаль, сённяшні час шмат чым добрым і карысным перашкаджае займацца, ён спыніў актыўнасць і на краязнаўчай ніве.
Шчыра віншуем Андрэя Георгіевіча з юбілеем. Жадаем яму здароўя, дабра, шчасця і ўсяго самага добрага.
Беларускае Радыё Рацыя