Гарадзенскі краязнавец і педагог адзначае юбілей



2 траўня гарадзенскаму краязнаўцу і педагогу Івану Будніку спаўняецца 85 гадоў з дня нараджэння.

Усё жыццё Іван Фёдаравіч адпрацаваў на ніве адукацыі Гарадзеншчыны. Адначасова ў вольны ад педагогікі час даследаваў і даследуе гісторыю палітычнага, сацыяльнага і культурнага развіцця Гарадзеншчыны ў XIX-XX стагоддзях. Ён напісаў і выдаў кнігі “Да падзеяў 1863-1864 гадоў на Гарадзеншчыне”, “Знойдзенае ў дарозе”, “Ад берагоў Свіслачы да Кузніцы”. У 2019 годзе з’явілася кніга Івана Будніка “Вяртанне з небыцця”, прысвечаную забытым імёнам воінаў, якія загінулі ў барацьбе з фашызмам падчас Другой сусветнай вайны. Адных не стала на франтах ад Нарвегіі да Афрыкі, ад Францыі да СССР, другім пашанцавала выжыць, але і адны, і другія на многія гады былі аддадзены забыццю ў сябе на Бацькаўшчыне. Пра іх і напісаў аўтар кнігі.

Іван Буднік да сённяшніх дзён вельмі часта выступае ў друку з вершамі, краязнаўчымі артыкуламі, літаратурнымі пародыямі. Дзякуючы яму былі выдадзены кнігі Апанаса Цыхуна “Улюбёны я ў сваю зямлю” і слоўнік “Скарбы роднай мовы”. Гэтыя кнігі Іван Фёдаравіч складаў і рэдагаваў.

Шмат юбіляр робіць на ніве роднай мовы, часта сустракаецца з чытачамі, сярод якіх прапагандуе наша беларускае слова. Творчае інтэлігенцыя Гарадзеншчыны шчыра віншуе Вас, Іван Фёдаравіч, з юбілеем і жадае Вам здароўя, сіл і творчага натхнення!

Беларускае Радыё Рацыя