Ілля Андрэеў: У кожнай краіне працуем толькі для Беларусі!
Да апошняга часу „касцяк” студыі Imago.by заставаўся ў Беларусі. Каманда адмыслоўцоў збірала звесткі і выявы мапаў са збораў скасаваных каталіцкіх ордэнаў, фамільных калекцый разрабаваных шляхецкіх сядзіб, буйных калекцый таго ж Эмерыка Гутэн-Чапскага – старэйшага, бібліятэкі Храптовічаў і шмат-шмат іншага. На сёння большая частка каманды пераехала ў Кракаў, каб мець прастору для рэалізацыі новых беларускіх праектаў.

Наша карэспандэнтка Вольга Сямашка паразмаўляла з „Госцем Рацыі” – заснавальнікам студыі Imago.by Іллём Андрэевым пра тое, якое месца займае беларуская картаграфія ў замежжы зараз і ці можна лічыць Францыска Скарыну – картографам:
РР: Ці можна сказаць, што вы пакінулі Беларусь? Чым вы займаецеся ў Польшчы?
– Я б так не сказаў, што мы пакінулі Беларусь. Беларусь заўжды з намі і ўсё, што мы рабілі, што мы працягваем рабіць, усё ж такі гэта ўсё для Беларусі. Я спадзяюся ў нас будзе такая магчымасць працягваць працаваць для Беларусі. Лозунг, якія я ўжо не раз чуў, дзіва што яго ніхто не ўзяў у якасці слогану, што „Беларусь, там дзе ты”. Таму я лічу, што знаходзячыся ў Польшчы або дзесьці ў іншай краіне мы заўжды застаёмся беларусамі і працуем далей у сферы культуры Беларусі.

РР: У Беларусі вы займаліся мапамі. Ці зараз вы працягваеце сваю дзейнасць?
– Так, канешне гэта быў такі пэўны выклік. Гледзячы на культурнае, на навуковае жыццё Польшчы, мы выйшлі са сваіх закрытых груп, з зоны камфорту. Першае, што можна заўважыць, гэта сапраўды высокі ўзровень навукі і культуры ў Польшчы. Я магу сказаць, што мы вымушаныя неяк тэрмінова гэта даганяць, арыентавацца на тое, што адбываецца. Я не магу сказаць, што мы зараз ужо неяк увайшлі ў гэтую польскую культурную сферу. Хаця, канешне, працуем. Мінулая восень была вельмі плённая, шмат працы было ва ўкраінскіх архівах. На сёння на жаль навуковая праца ў польскіх архівах адкладзена. Выйшла кніга Аляксея Адамовіча прысвечаная картаграфіі. Гэта ўжо чарговае выданне менавіта па гісторыі картаграфіі Беларусі. Магу сказаць, што зараз рыхтуецца, магчыма каляндар будзе прысвечаны гісторыі картаграфіі рэгіёну. Гэта тэма цікавая людзям, як склаліся межы. Ідзе праца над адной, можа быць нават над двума картаграфічнымі выданнямі. Я пакуль не магу сказаць, але спадзяюся, што ў наступным годзе мы завершым і выдадзім чарговае выданне па картаграфіі. Паралельна вядзецца ў справе друку гравюр. Зараз Зміцер Шапавалаў, сябра нашай суполкі, ён працуе пры падтрымцы Інстытуту мастацтваў у Варшаве. Ён робіць рэканструкцыю гравюру Вільні Тамаша Макоўскага, якая не захавалася ў арыгінале. Гэта такая вельмі складаная праца, таму дапамагаюць польскія гісторыкі. Ён працаваў у архіве, працаваў з тым негатывам, які захаваўся, які з’яўляецца адзіным сведчаннем, што была гэтая гравюра. Я таксама спадзяюся, што да восені, можа быць да канца верасня ён яе скончыць. Плануецца яе прэзентацыя і магчыма выстава ў самой Вільні. На гэты конт у нас ужо ідуць перамовы.

РР: У Беларусі вы вялі паспяховы краўндфандынг. Ці ёсць у Польшчы такія магчымасці?
– На сённяшні момант хутчэй ідзе такая праца па кантактаванню з той шырокай суполкай, якая падтрымлівала нас. Я б не сказаў, што мы закрываемся на Беларусь, бо людзі, якія падтрымлівалі цікавіліся тым, што адбываецца, яны проста па ўсім свеце. Здзіўляешся, калі бачыш з якіх краін табе пішуць. Заўжды адчуваеш гэтую групу людзей, якія перыядычна выходзяць на кантакт. Мы заўжды памятаем і гэта стымулюе рабіць нешта яшчэ, каб ім было цікава. Мы разумеем, што людзі з’ехалі, яны пачынаюць жыць культурным жыццём той прасторы, дзе яны знаходзяцца. Хочацца даць лішні повад, каб яны ўгадвалі пра Беларусь, каб яны расказвалі сваім дзецям. Гэтыя культурныя праекты звязваюць, нагадваюць людзям, якія не жывуць у Беларусі.
Кантакты студыі Imago.by.

Беларускае Радыё Рацыя