Ішоў ён смела між гадоў…



Да 70-годдзя паэта і грамадскага дзеяча Алеся Емяльянава (1952-2005).

20 сакавіка споўнілася б 70 гадоў з дня нараджэння паэта Алеся Емяльянава, хаця лёс яму адмерыў толькі 53 гады жыцця. У першым сваім паэтычным зборніку  “Ранак поўніцца жыццём” (Менск, 1977) паэт пісаў:

Іду я смела між гадоў

І не баюся спатыкнуцца…

Дубы ж растуць з тых жалудоў,

Што аб зямлю ілбамі б’юцца.

Уладзімір Арлоў прыгадвае, што ў Алеся “быў моцны поціск рукі. Ды й самога яго нельга назваць чалавекам слабым…”. І гэта, сапраўды так. Восенню 1988 года Алесь Емяльянаў не проста стаў сябрам Арганізацыйнага камітэту БНФ “Адраджньне”, але і зарэгістраваў яго па менскім адрасе: вуліца Фрунзе, 5, дзе месціўся Саюз пісьменнікаў, і ідзе ён там працаваў літкансультантам.

Родам Алесь Емяльянаў быў з вёскі Забалацце Чавускага раёна Магілёўскай вобласці. У 1970-х гадах пачынаючую паэтычную творчасць яго і Алеся Пісьмянкова шчыра падтрымліваў у Магілёве паэт Аляксей Пысін. У кожнай літаратурнай старонцы “Магілёўскай праўды” друкаваліся вялікія падборкі іх вершаў, якія любілі чытаць жыхары Магілёўшчыны. Многія радкі аматары паэзіі ведалі на памяць. А пісаў Алесь Емяльянаў шчыра і ад душы:

Забалацце,

Зноў я стаю

Ля твайго парога.

Хата пад клёнам,

За пуняй стог.

Забалацце…

Як гэта многа!

Калі ёсць вярнуцца куды

З дарог…

Непасрэднасць пачуцця, душэўная шчырасць, малады настрой і клопат пра той час, калі паэт жыў – усё гэта было характэрна творчай манеры паэта.

Алеь Емяльянаў пасля дзесяцігодкі займаўся ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, працаваў журналістам, служыў у пагранвойсках, працаваў электрыкам у Менску, на Беларускім тэлебачанні, потым паступіў на філфак БДУ. І заўсёды пісаліся вершы. З-пад яго пяра свет пабачылі паэтычныя зборнікі “Нязжатае поле” (1982), “На падкове дарог” (1987).

Гэтыя радкі няхай будуць данінай яго светлай памяці. Хаця Алесь Емяльянаў заслугоўвае значна болей: і кнігу выбраных твораў, і мемарыяльнай шыльды, і помніка.

Беларускае Радыё Рацыя

Фотаздымкі з архіва сям’і Алеся Емяльянава