Класіку беларускай літаратуры – 215 гадоў
Класіку беларускай літаратуры, аднаму з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры і драматургіі, паэту, тэатральнаму і грамадскаму дзеячу Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу 4 лютага спаўняецца 215 гадоў з дня нараджэння.

Нарадзіўся пісьменнік 4 лютага 1808 года ў фальварку Панюшкавічы Бабруйскага павета Менскай губерні (цяпер Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці) у шляхецкай сям’і Яна (Івана) Дуніна-Марцінкевіча і Марцыяны з роду Нядзведзкіх. Хлопчыка назвалі Вінцэнтам Якубам.
Пра юнацкія гады Вінцэнта дакументальна пацверджаных дадзеных мала. Ён рана застаўся без бацькі. Лічылася, што ў 1824 годзе скончыў Бабруйскае павятовае вучылішча, але ёсць звесткі, што ўжо ў 1819 годзе Вінцэнт быў адпраўлены ў Санкт-Пецярбург. Існуе версія, што малады Дунін-Марцінкевіч паступіў у Санкт-Пецярбургскую медыка-хірургічную акадэмію, але пакінуў вучобу, бо не мог знаходзіцца ў анатамічным пакоі.

З сярэдзіны 1820-х гадоў Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч жыў у Менску, быў на дзяржаўнай службе: памочнікам каморніка і каморнікам межавога суда, служачым палаты крымінальнага суда, перакладчыкам у каталіцкай духоўнай кансісторыі, меў пасаду пры дваранскім сходзе.
У 1831 годзе Вінцэнт узяў шлюб з дачкой адваката Юзэфай Бараноўскай, з якой яны мелі семярых дзяцей. У 1840 годзе будучы пісьменнік набыў невялікі маёнтак Люцынка ў Менскім павеце (цяпер вёска Малая Люцінка ў Валожынскім раёне Менскай вобласці) і пасяліўся там, пакінуўшы дзяржаўную службу.

Ёсць звесткі, што напачатку 1840-х гадах Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч некаторы час служыў аканомам у маёнтку Шчаўры ў Сенненскім павеце Магілёўскай губерні. Пазней, паколькі ён меў досвед працы з юрыдычнымі дакументамі, ездзіў па ўсёй тэрыторыі Беларусі ў якасці даверанай асобы сваіх кліентаў, займаючыся вырашэннем іх спраў. Шмат часу праводзіў у Менску, дзе актыўна ўдзельнічаў у грамадска-культурным і літаратурным жыцці.
У гэты перыяд В. Дунін-Марцінкевіч пачаў займацца літаратурнай дзейнасцю. Першыя творы былі напісаны на польскай мове. Ім былі створаны тэксты да аперэт «Спаборніцтва музыкаў», «Чарадзейная вада», а таксама «Рэкруцкі яўрэйскі набор» (у 1841 годзе пастаўлена ў Менску аматарскім гуртком), дзе была ўзнята тэма рэкрутчыны, як перашкоды ў шчаслівым уладкаванні жыцця яўрэйскай сям’і. Тэксты і партытуры гэтых твораў да нашага часу не захаваліся (за выключэннем адной арыі з аперэты «Рэкруцкі яўрэйскі набор»). Музыку да іх напісаў кампазітар Станіслаў Манюшка. Удзел у стварэнні музыкі прымаў і сам пісьменнік, часам пры пастаноўцы п’ес выступаў як акцёр (напрыклад, выканаў ролю старога яўрэя ў аперэце «Рэкруцкі яўрэйскі набор»).
З сярэдзіны 1840-х гадоў Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч пачынае супрацоўніцтва з выдаўцамі. У 1846 годзе ў Вільні асобным выданнем выйшла лібрэта музычна-драматычнага твора — оперы «Сялянка» (пазней з’явілася іншая назва — «Ідылія»). У гэтым творы побач з драматычнымі дыялогамі і маналогамі шырока прадстаўлены арыі і дуэты, харавыя нумары, а таксама танцы. «Ідылія» лічыцца прынцыповай з’явай у станаўленні новай беларускай літаратуры. Калі паны тут гавораць па-польску, то персанажы-сяляне — упершыню ў літаратурным творы — па-беларуску. Польскі вершаваны тэкст пераклаў на беларускую мову Янка Купала, празаічны — Язэп Лёсік. У «Ідыліі» Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч выявіў сябе як прыхільнік класавага міру і маральнага самаўдасканалення. Ён высмейваў фанабэрыстасць шляхты, сляпое захапленне ўсім французскім і адначасова ствараў вобраз добрага пана, які праз каханне да сялянскай дзяўчыны (тая ў рэшце рэшт аказалася ўсё ж пераапранутай паненкай) палюбіў сялян і хоча, каб і яны яго любілі. Такая ідэалізацыя рэальнага жыцця тым не менш не перашкодзіла паказаць у п’есе характэрныя народныя тыпажы. Сапраўдным героем твора стаў не пан, а селянін Навум Прыгаворка, войт (наглядаў за працай прыгонных). Яго вобраз для Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча значыў вельмі многа, імя гэтага персанажа ён выкарыстоўваў у якасці свайго псеўданіма. «Ідылія» карысталася вялікай папулярнасцю ў Беларусі, яе тэкст перапісвалі і распаўсюджвалі ў рукапісных спісах, у друку з’явіліся рэцэнзіі на пастаноўку твора. Опера была пастаўлена напачатку 1852 годзе ў Менску тэатрам Дуніна-Марцінкевіча, ролю Навума ў спектаклі выканаў сам аўтар.
Тэатр, або драматычны гурток, Дуніна-Марцінкевіча — створаны ім аматарскі тэатральны калектыў — існаваў у 1840-1850-я гады. Ён лічыцца першым беларускім нацыянальным тэатрам сучаснага тыпу. Трупа складалася больш чым з 20 чалавек, у іх ліку сам пісьменнік, ягоныя дзве дачкі і сын, прадстаўнікі менскай інтэлігенцыі. У спектаклях удзельнічаў хор сялян з Люцынкі, існаваў і аркестр. Ставіліся галоўным чынам п’есы Дуніна-Марцінкевіча. Публіка і тэатральныя крытыкі адзначалі выдатныя акцёрскія здольнасці самога драматурга. Тэатр прытрымліваўся традыцый народнага мастацтва, вызначаўся дэмакратызмам.
Пасля першай жа пастаноўкі «Сялянкі» дзейнасць калектыва была забаронена ўладамі, але спектаклі праходзілі (фактычна нелегальна) у розных гарадах Беларусі да 1856 года.
У 1850-я гады Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч жыў пераважна ў Менску. У 1854 годзе памерла жонка пісьменніка. Пазней ён узяў шлюб з Марыяй Грушэўскай. Літаратар часта бываў у Вільні, дзе сустракаўся з многімі дзеячамі культуры і навукі. У 1854 годзе ажыццявіў паездку на Палессе. Некалькі разоў наведваў Шчаўры. Меў ён шырокія кантакты і з менскай інтэлігенцыяй: паэтамі, музыкантамі, мастакамі, выдаўцамі.
У гэты перыяд упершыню ў Менску выйшлі з друку яго паэтычныя зборнікі: «Гапон» (1855 г.), «Вечарніцы і Апантаны» (1855 г.), «Цікавішся? Прачытай!» (1856 г.), «Дудар беларускі, або Усяго патроху» (1857 г.). У выданні ўвайшлі прысвечаныя жыццю сялян вершаваныя аповесці і апавяданні, напісаныя не толькі па-польску, але і па-беларуску. Гэта паэма «Гапон» — першы твор В. Дуніна-Марцінкевіча, створаны цалкам на беларускай мове, дзе апісваецца ўмоўнасць сацыяльнага падзелу грамадства. Беларускамоўныя аповесці «Дурны Зміцер, хоць хітры», «Стаўроўскія дзяды», «Купала», «Шчароўскія дажынкі» маюць выразныя фальклорныя матывы. Сярод апублікаваных у зборніках польскамоўных твораў найбольш значныя — апавяданні «Славяне ў XIX стагоддзі», прысвечанае барацьбе паўднёвых славян супраць туркаў, і «Літаратарскія клопаты» — пра нялёгкі лёс пісьменніка, яго матэрыяльныя і душэўныя турботы, а таксама пра радасць ад людской падтрымкі. Апрача таго, у гэтых выданнях змешчаны і вершы на польскай і беларускай мовах.
Гэтыя публікацыі мелі рэзананс. Беларускі паэт і краязнавец Уладзіслаў Сыракомля змясціў шэраг рэцэнзій у варшаўскім і віленскім друку, назваўшы творы Дуніна-Марцінкевіча «феноменам, вартым увагі з таго менавіта погляду, што Марцінкевіч, першы ўзяўшы ў свядомыя рукі беларускую дуду нашага народа, здабыў з яе песню, якую народ зразумеў».
У 1857 годзе Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам напісаны беларуская балада «Травіца брат-сястрыца», дзе аўтар чарговы раз выкарыстаў фальклорны сюжэт, і «Быліцы, расказы Навума», што складаюцца з вершаваных аповесцяў «Злая жонка», у якой асуджаюцца амаральнасць і распуста, і «Халімон на каранацыі», прысвечанай апісанню святкавання з нагоды ўступлення на царскі пасад Аляксандра II, які абяцаў дараваць народу доўгачаканыя «свабоды». Гэтыя творы былі апублікаваныя толькі ў сярэдзіне XX стагоддзя ў часопісах «Беларусь» і «Полымя».
У другой палове 1850-х гг. В. Дунін-Марцінкевіч пераклаў з польскай мовы на беларускую паэму Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш» — эпапею, у якой намалявана шырокая карціна жыцця Беларусі пачатку XIX стагоддзя. У 1861 годзе ў Вільні асобным выданнем на польскай мове выйшла вершаванае гістарычнае апавяданне «Люцынка, або Шведы на Літве», дзе паэтызаваліся мужнасць і гераізм продкаў сучасных беларусаў у барацьбе з захопнікамі. Гэта апошняя кніга В. Дуніна-Марцінкевіча, выдадзеная пры яго жыцці.
В. Дуніну-Марцінкевічу былі блізкія погляды шляхецкіх рэвалюцыянераў пачатку 1860-х гг. У 1861 годзе разам з Уладзіславам Сыракомлем ён ездзіў у Варшаву, па дарозе ў розных населеных пунктах выступаў з патрыятычнымі прамовамі. Дзейнасцю пісьменніка зацікавілася паліцыя, аднойчы паліцэйскія ўлады нават выслалі яго з Коўна. У патрыятычным і дэмакратычным духу В. Дунін-Марцінкевіч выхоўваў сваіх дзяцей. Пісьменнік і яго сям’я мелі дачыненне да нацыянальна-вызваленчага руху, падтрымлівалі ўдзельнікаў паўстання 1863-1864 гадоў пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Як пазней адзначалася ў заключэнні Часовага палявога аўдытарыята — карнага органа, які здзяйсняў расправу над паўстанцамі: «…Марцинкевич виновен в том, что он воспитывал семейство свое не в духе преданности правительству, вследствие чего и сам не может считаться вполне благонадежным в политическом отношении».
Улады падазравалі Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча ў аўтарстве антыўрадавых выданняў, у прыватнасці, агітацыйнай брашуры «Гутарка старога дзеда», дзе выкрываліся царскія парадкі, гучалі заклікі да сялян падтрымаць вызваленчы рух. У 1864 годзе пісьменнік быў арыштаваны, больш як год прабыў у менскім турэмным замку. Хоць галоўных абвінавачванняў даказаць не змаглі, на Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і яго сям’ю быў накладзены вялікі штраф, маёмасць часткова секвестравана (абмежавана права карыстання), яму самому прадпісвалася жыць, не выязджаючы з Люцынкі, пад наглядам паліцыі. Дачку пісьменніка Камілу на 10 гадоў выслалі на Урал, у горад Салікамск.
Апошнія дзесяцігоддзі жыцця Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча (з сярэдзіны 1860-х да сярэдзіны 1880-х гг.) прайшлі ў Люцынцы. Жыў ён у той час адасоблена, толькі зрэдку прыязджаў у Менск. У гэты перыяд В. Дунін-Марцінкевіч шмат пісаў, але ўсе спробы пісьменніка надрукаваць свае творы заканчваліся няўдачай. У 1866 годзе ім была напісана на беларускай мове камедыя (ці, як вызначаў яе жанр сам пісьменнік, фарс-вадэвіль) «Пінская шляхта». Яна лічыцца лепшым з твораў В. Дуніна-Марцінкевіча. У гэтай п’есе высмейваюцца фанабэрыя і адначасова страх перад уладамі дробнай шляхты, несправядлівы суд. Сцэнічнае ўвасабленне “Пінская шляхта” атрымала толькі ў 1917 годзе, пастаноўку ажыццявіла Першае беларускае таварыства драмы і камедыі ў Менскім гарадскім тэатры. А ў 1918 годзе п’еса была ўпершыню апублікавана ў газеце «Вольная Беларусь».

Па-беларуску і па-польску гаварылі персанажы сатырычнай камедыі «Залёты», якая выйшла з-пад пяра В. Дуніна-Марцінкевіча ў 1870 годзе. У гэтым творы далейшае развіццё атрымала тэма спажывецтва і беспрынцыпнасці, уласцівых надыходзячаму капіталізму. Польскі тэкст на беларускую мову ў пачатку XX стагоддзя пераклаў Янка Купала, у 1915 годзе «Залёты» былі пастаўлены ў Вільні Беларускім музычна-драматычным гуртком. А першая публікацыя гэтай п’есы адбылася ў газеце «Вольная Беларусь» у 1918 годзе.
У 1876 годзе быў узноўлены (на гэты раз сакрэтна) нядаўна зняты нагляд паліцыі над пісьменнікам. Падставай паслужыў той факт, што ў сярэдзіне 1870-х гадоў у Люцынцы без афіцыйнага дазволу дзейнічала невялікая прыватная школа, дзе навучала навакольных дзяцей дачка пісьменніка Цэзарына.
У гэты час, як успамінаў адзін з колішніх вучняў школы, вядомы беларускі пісьменнік Ядвігін Ш., гаспадар фальварка шмат пісаў і захоўваў свае рукапісы ў вялікім куфры. Але большая частка напісанага не захавалася.
Памёр Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч 29 снежня 1884 годзе. Пахаваны на могілках ва ўрочышчы Тупальшчына недалёка ад Люцынкі.
Беларускае Радыё Рацыя