Клім Маладжавы: Мне маці сказала, што свае лепшыя творы я напісаў на зоне



Музычны альбом як летапіс жыцця. Беларускі рэгі-гурт “Botanic Project” прэзентаваў лонгплэй “Музыка сфер”, песні для якога былі напісаныя ў турме.

У 2016 годзе суд прызнаў саліста калектыву Кліма Маладжавага вінаватым у распаўсюджванні наркотыкаў. Нагода – знойдзеныя ў яго 40 грамаў гашышу і 17 грамаў марыхуаны. Музыку накіравалі ў калонію ўзмоцненага рэжыму на 9 гадоў, але з-за амністый і зменаў у артыкуле ён вызваліўся ўжо ў лютым 2021 года.

Паразмаўляла з „Госцем Рацыі” – Клімам Маладжавым пра яго турэмны перыяд, увагу з боку сілавікоў, а таксама як гэта – прэзентаваць альбом на падставе ўласнага зняволення:

-Гэта другі альбом, які там напісаны. Які выдаў. Зараз трэці выйдзе. Пакуль сядзеў, з года мусіць 2017 па 2020, я не лічыў колькі, але напісаў вельмі шмат песень, якія магчыма будуць яшчэ з’яўляцца ў нейкіх версіях, рэлізах. Калі мы гаворым пра альбом “Музыка сфер” – гэта лепшыя рэгі-творы, якія былі напісаныя мною на зоне. Яны стаяць з усіх дзевяці альбомаў для мяне асобна. Калі ты там у той атмасферы і нешта пішаш. І калі я напісаў песню “Rude Boy”
я яе часта граў там у клубе на мясцовых канцэртах. І ўся зала падпявала прыпеў. І зараз, калі мы спяваем гэтую песню, трэк яшчэ не выйшаў, а людзі спяваюць. Значыць, песня прабіла. Гэта асаблівая для мяне старонка жыцця і асаблівы перыяд. Мне маці да гэтай пары кажа, што ўсе свае лепшыя рэчы ты напісаў на зоне.

РР: Як ты тады ўспрымаў інфармацыю, што цябе пасадзяць?

Клім Маладжавы: Было складана ў плане бытавым і фізічным першы час. Турма, ІЧУ, пастаянныя этапы, сумкі, клункі. І лішняя вага. Было цяжкавата, а калі быў ужо на зоне, то акліматызаваўся. Канешне, трэба пасядзець год – два, каб зразумець, як там рухацца, жыць, што рабіць. Я адразу вершы пісаў. Мы нават хацелі зборнік выдаваць. Толькі пасля я пачаў песні пісаць на зоне.

Праслухаць лонгплэй “Музыка сфер” можна цяпер на музычных платформах.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя