«Кніжны воз»: просім дапамогі ў агучцы



Больш за 40 аўдыёкніжак сабралі прадстаўнікі «Кніжнага возу» на сваёй аплікацыі – больш за 100 гадзін у аўдыёфармаце за два гады свайго існавання.

Пра тое, што такое «Кніжны воз», распавядае Міхась – адзін з яго стваральнікаў: 

-Гэта анлайн-пляцоўка з наборам аўдыёкніжак па-беларуску для дзяцей розных узростаў. І многія кніжкі падыходзяць для больш дарослай аўдыторыі.

Па словах Міхася, на пляцоўцы кнігі выбіраліся адмысловым чынам:

-Мы шукаем тую літаратуру, якая цікавая дзецям. Гэта альбо сучасная беларуская літаратура, альбо беларуская класіка. Альбо гэта літаратура замежная ў перакладзе на беларускую мову. Але ў выпадку замежнай літаратуры, гэта часцей за ўсё класічная літаратура, аўтарскія правы на якую ўжо выйшлі. Паколькі мы бясплатнае прыкладанне, ёсць пэўныя сучасныя бестселеры, якія маюць такую мадэль, што за кожнае праслухоўванне мы павінны былі б нешта адлічваць. Мы, на жаль, не можам такія кніжкі размясціць.

Для падтрымкі працы аплікацыі кожны ахвотны можа зрабіць разавы ўнёсак або аформіць падпіску на штомесячную падтрымку. Гэта магчыма зрабіць праз адмысловую старонку  https://ko-fi.com/knizhnyvoz.

Па словах стваральнікаў пляцоўкі, «усе ахвяраванні добраахвотныя. «Кніжны воз» застаецца бясплатным у Play market i App Store. А таксама ў вэб-версіі.»

Беларускае Радыё Рацыя