Краязнаўчы конкурс “Вандроўкі па маіх ваколіцах”



Беларускі Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж” распачынае з 1 ліпеня па 20 жніўня конкурс гісторыка-краязнаўчых работ “Вандроўкі па маіх ваколіцах”, прымеркаваны да 200-годдзя з дня нараджэння Уладзіслава Сыракомлі (1823-1862) – беларуска-польскага паэта, краязнаўца, гісторыка літаратуры і перакладчыка, аднаго з першых папулярызатараў беларускай мінуўшчыны.

У конкурсе могуць удзельнічаць навучэнцы сярэдніх і сярэдне-спецыяльных навучальных устаноў і іх настаўнікі; студэнты; бібліятэкары і работнікі культуры; краязнаўцы-аматары і ўсе, хто цікавіцца гісторыяй родных мясцін.

Для разгляду на конкурсе прымаюцца работы па наступных тэмах:

Гісторыя вёсак, мястэчак, іншых населеных пунктаў. Агляд гісторыі або нейкага перыяду (перыядаў) мінуўшчыны з акцэнтаваннем увагі на мясцовых падзеях, іх інтэрпрэтацыі ў памяці сучаснікаў, адлюстраванні ў памятных знаках, назвах вуліц і г.д. Турыстычныя маршруты па беларускай “глыбінцы”. Распрацоўка маршрута па адносна невялікай тэрыторыі (сельсавет, раённы цэнтр, ваколіцы вёскі) з апісаннем адметнасцяў, ацэнкай турыстычнай прывабнасці і магчымасцю яго ўвасаблення ў жыццё. Памятныя мясціны. Архітэктурна-гістарычныя і прыродныя помнікі, старыя будынкі, адметныя тапонімы і ўсё, што з імі звязана, пачынаючы ад паданняў і ўспамінаў і завяршаючы згадкамі ў манаграфіях і энцыклапедыях.

Некрапалістыка. Старыя могілкі, капліцы, пахаванні святароў каля цэркваў і касцёлаў, аповед пра лёсы людзей і магіл.

Больш падрабязна пра конкурс “Вандроўкі па маіх ваколіцах” можна прачытаць на сайце музея-запаведніка “Нясвіж”.

Беларускае Радыё Рацыя