Краязнавец, які любіў Гарадзеншчыну



14 ліпеня гарадзенскаму краязнаўцу Аляксандру Місцюкевічу (1943-2020) споўнілася б 80 гадоў з дня нараджэння.

Гісторык, краязнавец, грамадскі актывіст Аляксандр Місцюкевіч нарадзіўся на Слонімшчыне ў вёсцы Піронім. Усё жыццё ён адпрацаваў на пасадах, звязаных далёка не з краязнаўствам, гісторыяй, філалогіяй. У свой час Аляксандр Місцюкевіч закончыў Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі. Працу пачаў электраманцёрам і даслужыўся да намесніка дырэктара вучэбнага цэнтра РУП Гародняэнерга. Разам з тым, Аляксандр Місцюкевіч актыўна займаўся грамадскай дзейнасцю, цікавіўся гісторыяй сваёй сям’і, гісторыяй роднага краю. У 1999 годзе яго абіраюць кіраўніком Гарадзенскага абласнога Таварыства беларускай мовы. І дзевяць гадоў разам з іншымі землякамі ён адраджаў беларускую мову на Гарадзеншчыне – вяртаў яе ў школы, на прадпрыемствы і ў арганізацыі.

У 2002 годзе выйшаў з друку зборнічак “Спявайце, братцы, спявайце”. Гэта быў кішэнны фармат беларускага спеўніка, у які сабраны песні рознага жанру. Яго склалі гарадзенскі паэт і кампазітар Яўген Петрашэвіч і Аляксандр Місцюкевіч.

Час ішоў і спадар Місцюкевіч сур’ёзна захапіўся гісторыяй сваёй роднай вёскі Піронім на Слонімшчыне. Пачаў збіраць пра яе розныя звесткі: ад успамінаў да архіўных матэрыялаў. І сабралася іх шмат. Ён пачаў пісаць асобныя артыкулы, зрэд часу друкуючы іх на старонках “Газеты Слонімскай”. Так адтрымалася і кніга ”Падарожжы па родных мясцінах”, якая пабачыла свет у 2016 годзе.

У “Падарожжах па родных мясцінах” Аляксандр Місцюкевіч вельмі цікава распавёў не толькі пра родную вёску Піронім, але і пра асоб, якія некалі мелі дачыненне да вёскі, былі яе гаспадарамі. Найперш шмат новых архіўных звестак аўтар знайшоў пра шляхцічаў Бронскіх. Дзякуючы Бронскім у Піроніме ў XIX стагоддзі была адкрыта суконная фабрыка на якой працавалі 75 чалавек.

Апісваючы гісторыю Піроніма, аўтар кнігі даследаваў і іншыя вёскі і хутары Слонімшчыны, асабліва тыя, якія суседнічаюць ці суседнічалі з Піронімам. Найперш гэта Львоўшчына, Ісаевічы і Дзераўная. Таму што лёс роднай вёскі краязнаўца Місцюкевіча падобны на лёс іншых слонімскіх вёсак. Не абмінула іх і паўстанне 1863 года, розныя войны, у тым ліку Першая і Другая сусветныя, рэпрэсіі і калектывізацыя. Сотні землякоў праходзяць праз старонкі кнігі Аляксандра Місцюкевіча, якія змагаліся з ворагамі, прымалі ўдзел у паўстаннях, загінулі за Бацькаўшчыну і на франтах, былі сасланыя ў Сібір ці закатаваныя, а таксама тыя, хто застаўся жыць і працаваць на роднай зямельцы, перажыўшы многія войны, рэпрэсіі і калектывізацыю… Землякам і ўсім тым, хто цікавіцца гісторыяй, ён пакінуў сваю кнігу “Падарожжы па родных мясцінах”.

Аляксандр Місцюкевіч шмат гадоў жыў у Гародні. Яго заўсёды можна было бачыць на розных мерапрыемствах, сустрэчах, прэзентацыях. Ён да апошніх дзён свайго жыцця быў у пошуках і там, дзе гучала і жыло роднае слова, гісторыя і краязнаўства.

Два землякі-гарадзенцы Аляксандры Місцюкевіч і Талерчык, якіх ужо няма.

Беларускае Радыё Рацыя