Леаніду Лаўрэшу – 60
1 сакавіка адзначае 60-годдзе Леанід Лаўрэш – краязнавец, пісьменнік і гісторык, якім ганарыцца не толькі Лідчына, але і ўсе тыя, хто яго ведае, паважае і любіць.

Па прафесіі Леанід Лаўрэш – інжынер, але гісторыю і краязнаўства ён у шмат разоў любіць больш, чым сваю прафесію. І амаль увесь вольны час займаецца гістарычнымі і архіўнымі даследаваннямі, а таксама гістарычным краязнаўствам. Шмат публікацый Леаніда Лаўрэша прысвечана вусным, пісьмовым і выяўленчым крыніцам рэгіянальнай гісторыі, у тым ліку каменным магілам, каменям-ледавікам, паданням, малюнкам, астраноміі, паштоўкам і фотаздымкам. Ён даследуе і публікуе невядомыя факты пра жыццё і дзейнасць такіх асобаў як Кіпрыян Кандратовіч, Дзіянісій Хлявінскі, Францішак Нарвойша, Ян Снядэцкі, Гаўрыла Ціхаў і многіх іншых.

На сённяшні дзень, краязнавец і гісторык з Ліды напісаў і апублікаваў больш за 330 гісторыка-краязнаўчых артыкулаў, выдаў 13 кніг. Ён з’яўляецца стваральнікам гістарычна-краязнаўчага сайта pawet.net. Спадар Леанід працягвае рабіць сваю справу шчыра і аддана. Ён цешыцца, калі нешта новае знаходзіцца, адкрываецца, атрымліваецца. Дарэчы, лідскаму краязнаўству ўжо больш за 200 гадоў, а сучасныя даследчыкі, такія, як Леанід Лаўрэш, з’яўляюцца ўжо трэцяй генерацыяй даследчыкаў лакальнай гісторыі Лідчыны. Вось у гэтым 200-гадовым шэрагу даследчыкаў, мы бачым сёння і Леаніда Лаўрэша. І, галоўнае, як ён сам кажа, каб “нехта і надалей пераняў нашу справу”. Вядома ж, верыцца ў гэта, што ў краязнаўства завітаюць новыя маладыя асобы. “Ці шмат яшчэ чаго не даследавана, напрыклад, па Лідскім рэгіёне? Якія тэмы застаюцца неасветленымі ў друку?” – такія пытанні задаюць часта Леаніду падчас творчых сустрэч. І вось што ён адказвае:
– Я абсалютна дакладна ведаю, што вывучэнне Лідчыны толькі пачынаецца. Мы стаім на самым пачатку і здымаем вяршкі. Толькі адзін факт – лічылася, што лідскі архіў згарэў у 1812 годзе, а ён, калі не ўвесь, дык вялікая яго частка, знаходзіцца ў Менску! А яшчэ і Гарадзенскі архіў, і Віленскі, і Пецярбургскі, Варшаўскі, Кракаўскі і іншыя! Амаль што некранутая цаліна. Вялікай колькасці будучых даследчыкаў прыйдзецца аддаць жыццё, каб вывучыць тыя матэрыялы. Як кола сёння круціцца галава, калі ўявіш сабе, колькі ў тых архівах сюжэтаў і знаходак…

Сапраўды так. Працы нашым краязнаўцам хопіць на тысячу гадоў. Галоўнае – трэба працаваць так, як Леанід Лаўрэш з Ліды. З юбілем Вас, спадар Леанід! Здароўя Вам, новых творчых адкрыццяў і кніг.

Беларускае Радыё Рацыя