Лёс паплечніка Міхала Валовіча
Пасля паразы паўстання 1830-1831 гадоў, яго кіраўнік паўстання на Слонімшчыне Міхал Валовіч (1806-1833) быў павешаны ў Гародні, а іншых слонімскіх паўстанцаў расстралялі ці саслалі ва Усходнюю Сібір. Трапіў туды і паплечнік Міхала Валовіча Іосіф Сасіновіч. Пра яго амаль нічога раней не было вядома.
І вось нядаўна пошукі слядоў паўстанца прывялі аж у Расею да декабрыстаў, якія пасля паўстання 1825 года была сасланыя ў Сібір. Туды да іх трапілі і некаторыя паўстанцы 1830-1831 гадоў. Сярод якіх быў жыхар Слонімскага павета Іосіф Сасіновіч. Цікава тое, што адбываў ён пакаранне разам з мастаком-дзекабрыстам Мікалаем Бястужавым. Мікалай Бястужаў намаляваў партрэты амаль усіх дзекабрыстаў, у тым ліку і беларусаў (палякаў, як іх там называлі), якія адбывалі свой пажыццёвы тэрмін за ўдзел у паўстанні. Але партрэта Іосіфа Сасіновіча адшукаць не ўдалося, магчыма ён згарэў у пажары, што адбыўся ў адной з крэпасцяў Усходняй Сібіры, дзе адбывалі тэрмін паўстанцы і дзекабрысты. А, магчыма, дзесьці і захоўваецца.

Іосіф Сасіновіч прымаў удзел у вайне 1812 года на баку Напалеона, хутчэй за ўсё ён быў у палку генерала Яна Канопкі, які таксама быў родам са Слонімшчыны. Усе разам хацелі вызваліць сваю Бацькаўшчыну ад Расеі з дапамогай французаў. Там Іосіф Сасіновіч быў паранены, пазней пачаў губляць зрок. А падчас паўстання 1830-1831 гадоў Іосіф Сасіновіч хаваў паўстанцаў дома, дапамагаў харчамі і г.д.
На катаргу ў Сібір Іосіф Сасіновіч быў адпраўлены разам з селянінам Слонімскага павета Адамам Бяляўскім. У 1934 годзе яны прыехалі ў Іркуцк, а адсюль іх адправілі ў Пятроўскі Завод. Гэта 143 кіламетры ад горада Улан-Удэ і 414 кіламетраў ад Чыты. Генерал-губернатар Суліма яго накіраваў у арыштанскую казарму дзяржаўных злачынцаў. Сюды былі адпраўлены і паўстанцы-ксяндзы Антон Айжаноўскі і Людвік Тэнсяроўскі, якія кантактавалі з паўстанцамі. Спачатку іх накіравалі ў Тунку, а потым у Балаганск, дзе яны знаходзіліся да 1842 года.
Дзекабрысты моцна падтрымлівалі паўстанцаў, шчыра з імі сябравалі, дапамагалі перадаваць лісты на Бацькаўшчыну, імкнуліся знайсці лепшую працу ў ссылцы. Мікалай Бястужаў пісаў: “Мы былі знаёмыя з усімі палякамі Забайкалля”. Шчыра пасябраваў Мікалай Бястужаў з мастаком Леапольдам Неміроўскім.
На катарзе ў Сібіры Іосіф Сасіновіч амаль зусім страціў зрок. Яго кінулі ў каземат Пятроўскага Завода. Але той самы Мікалай Бястужаў і іншыя дзекабрысты ніколі не пакідалі сляпога “паляка”.

У Іосіфа Сасіновіча на Слонімшчыне падчас паўстання быў яшчэ 15-гадовы сын Адольф. Пасля паражэння паўстання яго таксама схапілі і білі розгамі, патрабуючы паказанні супраць бацькі. Судзілі іх разам, а потым беларускага юнака адправілі радавым жаўнерам служыць на Каўказ.
На катарзе Іосіф Сасіновіч штодзённа думаў пра лёс свайго сына. Ён папрасіў Мікалая Бястужава, каб той дапамог праз сяброў і знаёмых даведацца пра лёс Адольфа Сасіновіча. І Мікалай Бястужаў дапамагаў, як мог. У пісьме ад 18 студзеня 1835 года ён пісаў свайму брату Паўлу: “Калі ты лістуешся з кім-небудзь са сваіх былых саслужыўцаў на Каўказе, то пастарайся даведацца і паведаміць мне пра Гарбачэўскага і пра маладога чалавека з Гародні Адольфа Сасіновіча. У першага тут ёсць брат, у другога – бацька, сляпы і хворы стары чалавек…”.
У кастрычніку 1839 года пасля ад’езду Мікалая Бястужава на пасяленне, Іосіф Сасіновіч памёр. У кнізе Ільі Зільберштэйна “Художник-декабрист Николай Бестужев” (Масква, 1988) згадваецца, што захаваўся ліст Мікалая Бястужава, у якім ён пісаў: “Сосинович, наш бедный слепец, умер скоропостижно от апоплексического удара. Мир праху его! Бог смилостивился над ним и не заставил его страдать на одре продолжительной болезни”.
Мікалай Бястужаў і Іосіф Сасіновіч знаходзілася побач у адной турме пяць гадоў. І магчыма вялікі рускі мастак-дзекабрыст намаляваў не адзін партрэт Сасіновіча. Але пакуль іх знайсці не ўдалося.
Вось такія звесткі адшукаліся пра паплечніка Міхала Валовіча са Слонімшчыны Іосіфа Сасіновіча.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя