Любіў тэатр і Беларусь



25 чэрвеня спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння акцёра тэатра Ігната Буйніцкага, дзеяча беларускай культуры Зыгмунта Абрамовіча (1892-1988).

У лістападзе 1909 года „Наша ніва” святкавала сваё трохгоддзе. 3 гэтай нагоды яна атрымала шмат віншаванняў. Разам з іншымі газету прывітала некалькі юнакоў з Гародні, сярод іх быў семнаццацігадовы Зыгмунт Абрамовіч, сын вайсковага лекара. Імя Зыгмунта Абрамовіча (на сцэне Антон Забель) нам вядома як акцёра славутай трупы Ігната Буйніцкага. Але з тэксту прывітання вынікала, што ён да ўсяго яшчэ быў і ўнукам Францішка Багушэвіча. Гэта і дае нам адказ, што скіравала ўраджэнца Масквы юнака Абрамовіча на шлях рупліўца беларускай нівы.

Яшчэ хлапчуком ён гасціў з бацькам у Кушлянах, пабачыў на свае вочы аўтара „Дудкі беларускай”. У 1908 годзе іх сям’я пераехала ў Гародню, дзе няўрымслівы юнак актыўна далучаецца там да дзейнасці вучнёўскага гуртка беларускай моладзі, выступае як рэжысёр і акцёр, дапамагае ствараць бібліятэку. 3 1911 года ён становіцца адным з вядучых акцёраў Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага. Часта выступаў як спявак і чытальнік. У праграме артыста Абрамовіча заўсёды былі вершы Францішка Багушэвіча, а таксама Максіма Багдановіча, з якім у 1917 годзе Зыгмунт меў сустрэчу ў менскай „Беларускай хатцы”.

Зыгмунт Абрамовіч публікаваўся ў „Нашай ніве”, працаваў у Нясвіжы, Наваградку, Вільні, настаўнічаў. 3 1944 года ён жыў у Польшчы, быў журналістам, педагогам, меў званне заслужанага дзеяча культуры. У 1971 годзе наведаў Беларусь. Пры жыцці любіў казаць: ”Калі я аглядаюся на мінулае, лічу, зусім не задзіраючы нос, што маю права ганарыцца тым, што меў магчымасць удзельнічаць думкай, словам і працай у беларускім нацыянальным адраджэнні”. Пры жыцці напісаў успаміны: „Сцежкамі ходжанымі і няходжанымі”, ”Кушлянскі жнівень” і іншыя.

Беларускае Радыё Рацыя