100 гадоў з дня нараджэння мастака Леаніда Шчамялёва



Народнаму мастаку Беларусі Леаніду Шчамялёву (1923-2021) 5 лютага споўнілася б 100 гадоў з дня нараджэння.

Нарадзіўся мастак у Віцебску. У 1959 годзе скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, у 1967 годзе – Менскае мастацкае вучылішча. У 1959–1967 гадах выкладаў у Менскім мастацкім вучылішчы, потым – у Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым мастацтве.

З 1958 года і да самай смерці быў удзельнікам розных мастацкіх выставаў. Працаваў ва ўсіх жанрах станковага жывапісу.

Значнае месца ў творчасці Леаніда Шчамялёва займала тэма гераізму народа ў гады Другой сусветнай вайны. Для твораў былі характэрны: свабодная манера выканання, выкарыстанне святлоценявых дынамічных эфектаў, экспрэсіўнасць, псіхалагічная глыбіня, ёмістасць характарыстык.

Сярод вядомых твораў мастака – карціны «Вяселле», «Цяжкія гады» (1965), «Маё нараджэнне» (1967), «Генерал Даватар» (1975), «Першы дзень міру», «Вяселле ў Новым Полі», «Дыялог», «Ліставей», «Новы год», «Бярэзіна. 1812 год», «Развітанне з радзімай», «Як быццам у сне»; серыя «Новае Поле» (1979–1982); партрэты В. Цвіркі, А. Кішчанкі, М. Чэпіка, Б. Крэпака, У. Тоўсціка, Г. Вашчанкі, А. Анікейчыка; пейзажы «Віцебск, якім яго памятаў», «Зіма на Іслачы», «Асенні кліч», «Цяпло зямлі», «Вясна на Дзвіне»; серыя «Міншчына»; цыклы нацюрмортаў і шмат-шмат іншых.

За плённую дзейнасць у 1982 годзе Леаніду Шчамялёву было прысвоена званне «Народны мастак Беларусі». Таксама ён быў узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны I, II ступеняў, медалём Францыска Скарыны, «За заслугі ў выяўленчым мастацтве», нагрудным знакам «За ўклад у развіццё культуры Беларусі», медалямі ВДНГ СССР, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР і іншымі. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1982). Ганаровы грамадзянін г. Менска (2003).

Творы Леаніда Шчамялёва захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Менску, фондах Беларускага саюза мастакоў, Міністэрстве культуры Расеі, Траццякоўскай галерэі і выставачным аб’яднанні «Цэнтральны Дом мастака» у Маскве, мастацкім цэнтры «Жыльбел» у Менску, ва ўсіх абласных краязнаўчых музеях Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя