Міхасю Чарняўскаму споўнілася б 85 гадоў
7 сакавіка споўнілася б 85 гадоў з дня нараджэння Міхася Чарняўскага (1938-2013) – беларускага гісторыка, археолага і грамадскага дзеяча.

Міхась Чарняўскі быў родам з Мядзельшчыны, займаўся праблемамі першабытнай гісторыі Беларусі, кандыдат гістарычных навук. Ён з’яўляўся адным з актыўных удзельнікаў інтэлектуальнай апазіцыі, удзельнік клубу вольнадумнай інтэлігенцыі “Акадэмічны асяродак”, які быў разгромлены ў 1973-1974 гадах. Сябры гуртка збіралі ўспаміны, кнігі і часопісы пераважна часоў знаходжання Заходняй Беларусі ў складзе Польскае дзяржавы. Для гэтага арганізоўваліся экспедыцыі ў малыя мястэчкі, ладзіліся сустрэчы з вэтэранамі нацыянал-дэмакратычнага руху Беларусі (Ларыса Геніюш, Язэп Сушынскі, Мікола Ўлашчык ды іншыя). Міхась Чарняўскі і “Акадэмічны асяродак” у цэлым асаблівую ўвагу надавалі ўсталяваньню кантактаў са студэнцтвам – распаўсюджанню сярод іх сабранай інфармацыі, прыцягванню ў сферу сваёй дзейнасці.

Пасля разгрому “Акадэмічнага асяродку” гісторык працаваў рознарабочым. Пазней зноў вярнуўся ў Інстытуце гісторыі Акадэміі Навук, але быў невыязным. У 1990—2001 гадах — загадчык аддзела археалогіі каменнага і бронзавага вякоў Інстытута гісторыі. Выкладаў у Белдзяржуніверсітэце.

Накірункамі навуковай дзейнасці Міхася Чарняўскага былі матэрыяльная і духоўная культура плямён каменнага і бронзавага вякоў на тэрыторыі паўночна-заходняй Беларусі, першабытнае мастацтва на тэрыторыі Беларусі. Праводзіў раскопкі помнікаў фінальнага палеаліту, мезаліту і неаліту ў басейнах Нёмана і Віліі, першабытных стаянак Крывінскага тарфяніку на Віцебшчыне. Вывучаў крэменездабыўныя шахты каля пасёлка Краснасельскі і вёскі Карпаўцы Ваўкавыскага раёна, шэраг помнікаў бронзавага веку Панямоння. Даследаваў сярэдневяковы Мядзел, Лоск, Нарачанскі край. Адзін з аўтараў “Нарысаў па археалогіі Беларусі”, кнігі “Беларуская археалогія: Дасягненні археолагаў за гады Савецкай улады”, “Гісторыі беларускага мастацтва”, “Археалогіі Беларусі”, “Гісторыі Беларусі”. Падрыхтаваў да публікацыі ўспаміны Ларысы Геніюш “Сповядзь”. У 2000-я гады выдаў шэраг кніжак, у тым ліку “Як пошуг маланкі” — пра Расціслава Лапіцкага, “Дзесяць бітваў” — пра найбольш значныя для беларускай гісторыі бітвы, “Вогнепаклоннікі”, “Страла Расамахі” і шмат іншых.
Беларускае Радыё Рацыя