На Beer&History у Беластоку размаўлялі пра беларускія замкі і фартэцыі



У Беластоку прайшла чарговая вечарына ў рамках клуба аматараў гісторыі Beer&History.

Гэтым разам тэмай дыскусіі былі беларускія замкі і фартэцыі, майстэрства інжэнерыі іх пабудовы, а таксама майстэрства аблогі, утрымання і захопу цытадэляў, якіх у свой час на Беларусі было безліч. Што і стала падставай называць Беларусь – краінай замкаў.

Расказвае госць сустрэчы – гісторык Мікола Волкаў:

– Ідэю «краіна замкаў» прыдумаў Міхась Ткачоў. Ён прыдумаў у 80-ыя гады, калі беларусаў, умоўна кажучы, абувалі ў лапці. Вы сяляне, у вас нічога не было, вы нічога не ўмелі, апроч пахаць зямлю. А Міхась Ткачоў сказаў: не, людзі, у вас былі замкі, у нас краіна замкаў. Гэта была ў свой час спроба натхніць беларусаў. Яна была вельмі ўдалая. Канцэпт «краіна замкаў» важны для ўнутранага спажыўца, для саміх беларусаў.

Усяго па некаторых падліках адмыслоўцаў у свой час на Беларусі было 116 замкаў і фартэцый. З якіх да нашых дзён, у розным стане, захаваўся толькі 21.

Беларускае Радыё Рацыя