На Піншчыне ўшаноўваюць памяць паэта Анатоля Шушко
На Піншчыне ўшаноўваюць памяць паэта Анатоля Шушко.

Сёння, 19 ліпеня, літаратару споўнілася б 69 гадоў. Свой творчы шлях ён пачынаў разам з такімі асобамі, як Анатоль Сыс, Васіль Сахарчук, Леанід Галубовіч, але з сярэдзіны 1980-х гадоў Шушко сыйшоў у настаўніцтва. Выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Пінскім і Свіслацкім раёнах. Пры жыцці выдаў два зборнікі паэзіі, столькі ж выйшла пасля ягонай заўчаснай смерці ў лістападзе 2018 года.

Сяброўка, экскурсавод Таццяна Хвагіна адзначае, што асабліва пашчасціла тым, хто чуў, як чытае свае творы паэт:
– Той, хто чуў, як ён чытаў, той разумеў, што толькі сапраўдны паэт можа так чытаць свае вершы, таму што яны гучалі як песні. А як могуць загучаць вершы як песні? Калі ў чалавека пяе душа, калі ў яго творах вобразы роднага краю, вобразы сваіх сяброў, землякоў. Гэта быў такі паэт з каранямі. Ён жыў жыццём простага чалавека, а думкі яго былі светлыя, высокія, а мова яго была вельмі багатая.
Сёння сябры і аматары літаратуры здзейсняць вандроўку на малую радзіму Шушко ў вёску Сташаны Пінскага раёна.
Беларускае Радыё Рацыя