„Нарадзіўся Янка Купала”



7 ліпеня – Дзень Нараджэння Янкі Купалы. Ён жа Ян Луцэвіч. Ён жа Іван Луцэвіч. Бацька на імя – Дамінік. Адкуль гэтае вычварнае на вуха – Іван Дамінікавіч? А справа ў тым, што расейскія пісары, пазначылі, што Ян Луцэвіч – рыма-каталіцкага веравызнання, але пры гэтым «рускі».

Сёння мы гаворым пра Яна Луцэвіча, ён жа Янка Купала. Заўважце, што псеўданім быў абраны не «Іванка», а «Янка», бо сваё роднае бліжэй да сэрца.

Псеўданім быў абраны праз дату нараджэння – 7 ліпеня ў Беларусі другое Купалле. Першае было бліжэй да летняга Раўнадзенства. Другое – з шостага на сёмае ліпеня падвярстанае пад праваслаўны каляндар.

Янка Купала – невераемна драматычная асоба. Хто сходу ўзгадае калі паэт атрымаў сталінскую прэмію? Спойлер – у 1941т годзе, незадоўга да трагічнай смерці, у якой дагэтуль не беспадстаўна падазраюць гэбэшнікаў, якія ў сталінскія часы рэпрэзентавалі НКУС, альбо расейскай абрэвіятурай НКВД.

Янку Купалу клічуць песняром. Гэта значыць чалавекам, які ў паэтычнай форме агучвае пэўны нацыянальны канцэпт. У нашым выпадку – беларушчыну як ідэю.

А ўсё, што звязанае са сталіншчынай, і ейным адлюстраваннем мастацкімі сродкамі, гэта залічваецца Янку Купалу ў ягоную асабістую драму. Гэта як бы чалавека ўзялі ў закладнікі.

За што любім Купалу сёння? За ўдзел у нацыятворчасці. Вось пачатак і канец верша пад назвай «Чужым»:

«Мы вас прынялі хлебам і соляй,

Людзі чужыя;

Ўстрэлі вас ласкай нашага поля

Кветкі жывыя.

Людзі чужыя! Хтось калісь зліча

Вашу нам шкоду:

Зліча праступкі… к суду пакліча

Крыўда народу».

Пад чужымі тут разумеюцца найперш людзі з Расеі. Год напісання 1906-1912.

А вось цытаты з верша, прысвечанага выданню «Наша Ніва» 1911 году напісання:

«Не загаснуць зоркі ў небе,

Покі неба будзе, –

Не загіне край забраны,

Покі будуць людзі.

Беларускаю рукою

Светлай праўды сіла

Славу лепшую напіша

Бацькаўшчыне мілай».

Таму Янка Купала і застаўся ў гісторыі культавай асобай, бо ад юнацтва быў прынцыпова і паслядоўна беларускім нацыястваральнікам.

Тое, што Янка Купала застаўся жывым пасля трагедыі канца 1930-х, калі сталіністы вынішчылі практычна ўсіх творцаў, навукоўцаў і наагул інтэлектуалаў, – гэта не ў малой ступені выпадковасць.

З соцень пакінулі фактычна двух – Янку Купалу і Якуба Коласа.

Уявіце, вы дзеля распаўсюду ідэі беларушчыны ідзеце на здзелку з відавочнымі ворагамі, фактычна ахвяруеце сабой як асобай, і ўрэшце застаецеся ў выпаленым полі.

Але беларусы выжылі як ідэя, і сталіся і нацыяй і грамадзянскай супольнасцю.

З нашага боку гэта лепшы падарунак да Дня Янкі Купалы.

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя