Наркамаўка ці тарашкевіца? Што кажуць выдаўцы



Наркамаўка ці тарашкевіца? Афіцыйным правапісам або класічным варта карыстацца беларускім выдавецтвам за мяжой?

На гэтае пытанне нашага карэспандэнта адказалі выдаўцы. Перадусім заснавальнік фонду «Камунікат» Яраслаў Іванюк:

Я б наогул хацеў, каб усе кнігі ў Беларусі друкаваліся на тарашкевіцы. Хаця не ўсе кнігі, якія друкуе і выдае «Камунікат» яны ў тарашкевіцы, але ёсць і такія, і такія. Хацелася б, каб гэтая мова, на якой друкуюцца беларускія кнігі, была як найбольш беларуская, як найменш зрусіфікаваная. На сённяшні дзень не магу адобрыць таго, што ў наркамаўцы гэта «Германія», а не «Нямеччына». Для мяне гэта проста не прымальнае.

Кнігавыдавец Андрэй Янушкевіч – прыхільнік навуковага падыходу ў пытанні правапісу.

Правапіс – гэта не чыесьці хацелкі, а мовазнаўства, лінгвістыка – гэта навука. Паглядзіце як слоўнікі апошняга дзесяцігоддзя, якія выдаваліся ў Акадэміі навук, наколькі ў іх узбагацілася лексіка, наколькі гэты правапіс унармаваны. Усе тыя русіфікатарскія тэндэнцыі, якія назіраліся з 50-х гадоў у слоўніках пад рэдакцыяй Кандрата Крапівы, сёння нашымі навукоўцамі гэта па вялікаму рахунку вычышчана.

Разам з тым Янушкевіч не выключае пераходу свайго выдавецтва на тарашкевіцу, калі такі правапіс прызнае за афіцыйны Акадэмія навук Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя