Народнаму песняру беларускага народа Якубу Коласу – 140 гадоў
3 лістапада спаўняецца 140 гадоў з дня нараджэння народнага паэта Беларусі, пісьменніка, педагога, акадэміка, аднаго з заснавальнікаў сучаснай беларускай літаратуры і мовы Якуба Коласа (Міцкевіча Канстанціна Міхайлавіча,1882—1956).

Нарадзіўся Якуб Колас ў вёсцы Акінчыцы (цяпер у межах г. Стоўбцы) у сям’і лесніка. Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. Настаўнічаў, працаваў у газеце ”Наша ніва”. 3 1915 года Якуб Колас служыў у арміі, меў званне прапаршчыка. У 1921 годзе ён прыехаў у Менск, працаваў у Наркамасвеце БССР, выкладаў у педтэхнікуме і БДУ. Быў сябрам Інбелкульта, з 1929 года – віцэ-прэзідэнт АН БССР.
У ранніх творах Якуба Коласа вызначыліся асаблівасці рэалістычнага стылю аўтара – імкненне да жывапісання словам, выявілася незадаволенасць лірычнага героя рэчаіснасцю, яго сум і смутак. У Вільні напачатку ХХ стагоддзя выходзяць першыя зборнікі пісьменніка ”Песні жальбы”, ”Апавяданні”, ”Родныя з’явы”.
Жыццё, клопаты і трывогі працоўнага сялянства – асноўная тэма паэзіі Якуба Коласа. Паэт стварыў жыццёва дакладныя малюнкі народнага побыту, адлюстраваў становішча вясковага люду. У творах арганічна знітаваны лірыка і эпас, асобныя вершы той пары нагадваюць кароткія, эмацыянальна афарбаваныя апавяданні. Якуб Колас – адзін з пачынальнікаў мастацкай прозы ў нашай літаратуры, яна тэматычна звязана з яго паэзіяй паказам супярэчнасцей эпохі, працы, думак і настрою беларусаў. Празаічныя творы Якуба Коласа вызначаюцца напружанасцю дзеяння, драматызмам, глыбінёй псіхалагічнага аналізу, значная частка іх – алегарычныя „казкі жыцця”.

Пасля 1910 года ў творчасці Якуба Коласа выявілася тэндэнцыя да ўсё больш значных сацыяльна-грамадскіх абагульненняў, яна рэалізавалася ў паэмах „Новая зямля” і’’Сымон-музыка”, якія ўвасобілі пошукі і спадзяванні беларускага мастацтва той пары. Да таго ж, паэма ”Новая зямля”, відаць, не мае роўных сабе ў нацыянальнай літаратуры па глыбіні, прыгажосці і замілаванні ў мастацкім апісанні роднай прыроды і сялянскага жыцця.
Актыўна ўключыўся Якуб Колас у культурнае жыццё 1920-х гадоў. Тады выйшлі ў свет многія яго кнігі. Была створана трылогія ”На ростанях”, у якой на аўтабіяграфічным матэрыяле аўтар шырока ахапіў сучаснасць, адлюстраваў побыт сялянства, розных груп насельніцтва Беларусі, стварыў вялікую галерэю партрэтаў. Асабліва яскрава раскрылася тут майстэрства Коласа-пейзажыста. У 1930-я гады ён стварыў шмат публіцыстычных вершаў, прысвечаных надзённым пытанням і патрабаванням таго часу, а вершы і артыкулы ваенных гадоў уславілі патрыятызм і гераізм беларусаў. За цыкл вершаў ваеннай пары паэту была прысуджана Дзяржаўная прэмія СССР, як і за паэму ”Рыбакова хата”.
Якуб Колас адзін з пачынальнікаў і беларускай дзіцячай літаратуры. У сваіх паэмах ён тонка раскрыў псіхалогію падлеткаў. Стварыў падручнікі роднай мовы. Якуб Колас з’яўляецца аўтарам шматлікіх артыкулаў па актуальных праблемах грамадскага, культурнага і літаратурнага жыцця, перакладаў на беларускую мову. Яго творы перакладзены на многія мовы народаў свету, яны шырока выкарыстоўваюцца мастакамі, кампазітарамі, рэжысёрамі. Творчасці народнага паэта прысвечаны шматлікія даследаванні. Імем Якуба Коласа названы Нацыянальны Акадэмічны тэатр у Віцебску, школы, бібліятэкі, вуліцы, плошчы … Створаны музеі паэта, пастаўлены помнікі… Выдаюцца і перавыдаюцца яго творы.

Беларускае Радыё Рацыя