“Наш сымболь” – Карусь Каганец



Беларускаму празаіку, паэту, драматургу, мастаку, грамадскаму дзеячу Карусю Каганцу 10 лютага спаўняецца 155 гадоў з дня нараджэння.

Карусь Каганец быў родам са старадаўняга беларускага шляхецкага роду Кастравіцкіх. Ён даводзіўся сваяком французскага паэта Гіёма Апалінэра. За ўдзел у паўстанні 1863 года яго бацьку саслалі ў Табольск, а маёнтак канфіскавалі. У Табольску і нарадзіўся будучы пісьменнік.

У 1870 годзе Кастравіцкія вярнуліся на Бацькаўшчыну. Яны пасяліліся ў вёсцы Засулле на тэрыторыі цяперашняга Стаўбцоўскага раёна. Хутка бацька памёр і сям’я пераехала ў вёску Прымагілле каля Койданава. Маці выйшла замуж другі раз.

Першую адукацыю Карусь Каганец атрымаў дома, пасля вучыўся ў Менскім гарадскім вучылішчы. Імкнучыся авалодаць жывапісным і скульптурным майстэрствам, у 1890-я гады паступіў у Маскоўскае вучылішча жывапісу, лепкі і дойліцтва. Ёсць звесткі, што Карусь Каганец вучыўся таксама ў Пецярбургу. Аднак адукацыю не завяршыў з-за адсутнасці сродкаў і вымушаны быў вярнуцца на Бацькаўшчыну.

Карусь Каганец быў актыўным удзельнікам і ідэолагам нацыянальна-вызваленчага руху ў Беларусі, адным з заснавальнікаў і кіраўніком Беларускай рэвалюцыйнай грамады і Беларускай сацыялістычнай грамады, удзельнічаў у іх з’ездах, распрацоўваў праекты іх праграм. За агітацыйную дзейнасць сярод сялян Косаўшчыны 19 снежня 1905 года быў арыштаваны  і год асядзеў у менскай турме. Пасля выхаду з турмы доўга не мог знайсці працу. Але потым знайшоў працу аканома ў фальварку Жортай (цяпер Барысаўскі раён).

Літаратурную дзейнасць Карусь Каганец пачаў у канцы XIX стагоддзя. Самыя раннія з дайшоўшых да нас яго твораў датуюцца 1893 года. Друкаваўся ў “Нашай ніве”, “Мінскім лістку” і ў іншых выданнях. Пры жыцці асобным выданнем выйшлі “Беларускі лементар” і вадэвіль “Модны шляхцюк”. Творчая спадчына пісьменніка жанрава разнастайная: проза, паэзія, драматургія, публіцыстыка. Ужо ў першым сваім вядомым вершы “Наш сымболь” (1893) Карусь Каганец заклікаў: “За родную краіну, звычай і мову. За гонар груддзю ставайце!”. У публіцыстычных артыкулах пісьменнікам агучваліся праблемы беларускага нацыянальнага адраджэння, пытанні культуры, мовы, асветы.    

Карусь Каганец вёў таксама актыўную асветніцкую дзейнасць, выступаў як вучоны-мовазнавец, фалькларыст і этнограф, збіраў матэрыялы да слоўніка роднай мовы, складаў беларускую граматыку. Максім Багдановіч прысвяціў Карусю Каганцу верш, у якім высока ацаніў яго літаратурную і грамадскую дзейнасць.

Беларускае Радыё Рацыя