Нобелеўская прэмія па літаратуры 2022 года прысуджана французскай пісьменніцы Ані Эрно
Ані Эрно ўзнагароджана «за адвагу і клінічную дакладнасць, з якой яна выкрывае вытокі адчужанасці і калектыўныя абмежаванні асабістай памяці».

«У сваіх тэкстах Эрно паслядоўна і з розных бакоў даследуе жыццё, якое адзначанае моцнымі адрозненнямі ў дачыненні да полу, мовы і класа. Яе шлях да пісьменніцтва быў доўгім і цяжкім», — гаворыцца на сайце Нобелеўскай прэміі.
Ані Эрно нарадзілася 1 верасня 1940 года ў Лільбоне. Дзяцінства яе прайшло ў Нармандыі, у Іўта, дзе яе бацькі трымалі невялікую кавярню. Скончыўшы Руанскі ўніверсітэт, яна выкладала літаратуру ў пачатковай і ў сярэдняй школе (у Анэсі-ле-В’ё і ў Понтуазе), а затым перайшла на дыстанцыйнае навучанне.
Першы раман Эрно, „Les Armoires vides”, быў апублікаваны ў 1974 годзе. У ім прысутнічаюць выразныя аўтабіяграфічныя матывы, што будзе характэрна таксама і для наступнай творчасці пісьменніцы. Усе яе раманы тым ці іншым чынам адлюстроўваюць сапраўдныя эпізоды яе біяграфіі: дзяцінства, сацыяльную кар’еру, замужжа і мацярынства, адкрыццё ўласнай сэксуальнасці, аборт, рак грудзей, хвароба і смерць маці.
Раманы Эрно, у якіх асабістыя ўспаміны накладваюцца на калектыўную памяць пакалення, уяўляюць сабой сапраўднае сведчанне эпохі. Па словах самой пісьменніцы, яна аддае перавагу не тварыць у рамках традыцыйных жанраў, а шукаць уласную форму самавыяўлення.