Падляшскі мастацкі аўкцыён



Раз на тры месяцы ў Беластоку адбываецца мастацкі аўкцыён. Ёго арганізоўвае Падляшскі аўкцыённы дом. У мінулую пятніцу адбылося ўжо сёмае такое мерапрыемства.

Кажа кіраўнік аўкцыённага дому Януш Жабюк:

– Мы працуем на будучыню. Працуем на тое, каб у свядомасці жыхароў Беластоку нешта такое было, каб мастакі, якія працуюць на Падляшшы маглі рэалізавацца дзесьці яшчэ. Бо большасць прац на аўкцыёне былі прададзены праз інтэрнэт… Ёсць мастакі, карціны якіх прадаюцца на кожным аўкцыёне. Гэта залежыць ад іх прац, ад іх творчасці, ад іх актыўнасці. Мастаку трэба быць актыўным, бо працы актыўных мастакоў купляюць часцей, чым тых, якія зачыняюцца ў вузкім коле.

На сёмым аўкцыёне мастакоў Падляшша было прададзена 14 твораў мастацтва. Перадусім гэта жывапісныя працы, але таксама і скульптуры. Кошты на карціны не такія вялікія, купіць іх можа дазволіць сабе не толькі заможны чалавек. Наступны аўкцыён адбудзецца ўжо напачатку вясны.

Беларускае Радыё Рацыя