Паэту Славаміру Адамовічу – 60 гадоў
Славамір Адамовіч (нарадзіўся 8 сакавіка 1962 года на станцыі Унежма Анежскага раёна Архангельскай вобасці) — беларускі паэт, грамадскі дзеяч, сябра Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя», лідар арганізацыі «Правы рэванш», сябра «Таварыства вольных літаратараў», актывіст Руху салідарнасці «Разам».

У лістападзе 1995 г. напісаў верш «Убей президента!», за які быў арыштаваны 6 красавіка 1996 г. У турме КДБ трымаў сухую галадоўку. У зняволенні вёў дзённік, які затым выйшаў асобнай кніжкай «Турэмны дзённік». Праз 10 месяцаў, 7 лютага 1997 г., выпушчаны пад падпіску пра нявыезд. Пакаранне, да якога прыгаварыў Славаміра Адамовіча суд, фактычна абмяжоўвалася тым тэрмінам, які ён ужо адбыў у зняволенні.
У 1996 г. атрымаў літаратурную прэмію «Гліняны Вялес» за зборнік вершаў «Каханне пад акупацыяй».
У жніўні 1997 на адным з апазіцыйных мітынгаў публічна зашыў сабе рот у знак пратэсту супраць ціску ўладаў на незалежныя СМІ і незалежных журналістаў.
Прымаў удзел у мітынгу супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 г. у Мінску. Затрыманы і пакараны адміністрацыйным арыштам на 15 сутак па арт. 23.34 ч.1 КаАП РБ — «парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў».
Аўтар 6 зборнікаў вершаў, кнігі ўспамінаў «Турэмны дзённік» і рамана «Цана Еўропы, альбо Гісторыі Вільмана».