«Паэты планеты» – унікальны кніжны праект



У галіне мастацкага перакладу адметным кніжным праектам апошніх гадоў з’яўляецца серыя «Паэты планеты». Зборнікі паэзіі паэтаў з розных краін і нават розных эпох выходзяць у выдавецтве Змітра Коласа. Гэтая ініцыятыва заклікана паказаць як сучасны стан перакладчыцкай справы ў паэзіі, так і звярнуць увагу на раней зробленае.

«Нягледзячы на ўсе сённяшнія складанасці, будзем працягваць гэты праект», – кажа сябра рэдкалегіі серыі Лявон Баршчэўскі.

– Цяпер, на жаль, апошнія кнігі ў звязку з гэтымі сітуацыямі, проста банальна нават з паперай узніклі праблемы, апошнія зборнікі выдалі тыражом па 99 асобнікаў. І, на жаль, сёння многія нашыя патэнцыйныя чытачы не ў Беларусі. Але ёсць спадзяванне, што мы зноў вернемся да ранейшых накладаў і атрымаецца працяг праекта.

Кніжную серыю «Паэты Планеты» варта разглядаць як важную ўсебеларускую кніжную справу, як сведчанне прэстыжу беларускай кнігі ўвогуле. Рэдкалегія і выдавец Зміцер Колас не збіраюцца спыняцца, нават у сённяшні цяжкі час, і мяркуюць давесці колькасць зборнікаў у серыі да сотні. Усяго ўжо выйшла 84 паэтычныя зборнікі.

Беларускае Радыё Рацыя