Паліна Дабравольская: На фестывалі ІНЭКС-фэст у Варшаве мы пакажам два спектаклі



Тэатральны фестываль ІНЭКС-фэст у Варшаве: сочым за афішай. Беларуская акторка і рэжысёрка Паліна Дабравольская ў рамках фестывалю пакажа два спектаклі.

Першы – «Выйду з лесу, выцягну хрыбет, і ён будзе мне служыць замест мяча» — у Варшаве пакажуць 20 ліпеня, а на прыканцы жніўня на варшаўскай сцэне – музычны монаспектакль «Сарматыя» паводле аднайменнай паэмы Марыі Мартысевіч. У чым ІНЭКС-фэст дапамагае маладой творцы, якая эмігравала з Беларусі, кажа Паліна Дабравольская.

І канешне мне вельмі прыемна, што мяне запрасілі адразу з двума спектаклямі. Прэм’ера «Сарматыі», якая будзе паказаная 25 жніўня, яна ўвогуле адбылася паўтара года таму. І дагэтуль не была паказаная ў Варшаве. Другі спектакль – «Выйду з лесу, выцягну хрыбет, і ён будзе мне служыць замест мяча» . Гэта перадапошняя прэм’ера. Таму вельмі ўдзячная, што прапанавалі і цікавяцца.

Найперш тут паказваюць багацце беларускага тэатральнага мастацтва за мяжой, якое цяпер усё больш пашыраецца. Такія мэты ставяць перад сабой стваральнікі фестывалю «ІНЭКС-фэст». Паказы ў Варшаве – цягам усяго лета, тут каля 10-ці розных беларускіх творчых каманд. Афіша ў сацыяльных сетках.

Больш пра тэатральны фэст сёння ў праграме «Мы бачым» а 21.30 паводле беларускага часу, а 20.30 паводле польскага.

Беларускае Радыё Рацыя