Памёр прафесар Ян Чыквін

Памёр Ян Чыквін, беларускі навуковец, паэт, выкладчык. Нарадзіўся ён 18 траўня 1940 года ў Дубічах Царкоўных, што на Гайнаўшчыне. Навуковую кар’еру пачаў з 1969 года на філіяле Варшаўскага ўніверсітэту ў Беластоку. З 1985 да 1997 г. — выкладчык Варшаўскага ўніверсітэта, з 1998 года працаваў ва ўніверсітэце ў Беластоку.
З 1970 года Ян Чыквін быў сябрам Саюза польскіх пісьменнікаў, старшынём Беларускага літаратурнага аб’яднання „Белавежа”, галоўным рэдактарам часопісу „Тэрмапілы”.
Дэбютаваў на старонках „Нівы” яшчэ ў 1957 годзе Аўтар зборнікаў паэзіі «Іду» (Беласток, 1969), «Святая студня» (Беласток, 1970), «Неспакой» (Беласток, 1977), «Светлы міг» (Мінск, 1989), «Кругавая чара» (Беласток, 1992), «Свет першы і апошні» (Беласток, 1997); у перакладзе на польскую мову выйшлі кнігі «На парозе свету» (Варшава, 1983), «Сонечная вязь» (Ольштын, 1988), «Адпачынак ля перасохлай крыніцы» (Беласток, 1996). Апублікаваў некалькі вершаў па-польску.
Паэзія Яна Чыквіна філасофская, сімвалічная, часам ускладнёна-метафарычная.
Як літаратуразнаўца вывучаў рускую паэзію «сярэбранага веку». Аўтар зборніка «Далёкія і блізкія. Беларускія пісьменнікі замежжа» (Беласток, 1997).
Светлая памяць…
* * *
“Белавежы” – 55: Ян Чыквін – рэпартаж Міхала Андрасюка
09.11.2013
Героем рэпартажу з’яўляецца Ян Чыквін – паэт, гісторык літаратуры, універсітэцкі выкладчык, старшыня Літаратурнага аб’яднання „Белавежа”.