Паспрабаваў чэкісцкай ласкі…



19 ліпеня спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння беларускага паэта, публіцыста, журналіста, грамадска-культурнага дзеяча і выдаўца Аляксея Анішчыка (псеўданім Андрэй Чэмер, 1912-2007).

Складаны лёс быў у гэтага чалавека, хаця пражыў ён шмат гадоў. Нарадзіўся на хутары Мондзіна на Наваградчыне непадалёку ад возера Свіцязь. Закончыў Наваградскую беларускую гімназію, а потым эканамічны факультэт універсітэта ў Познані.

Перад Другой сусветнай вайной Аляксей Анішчык апынуўся ў Варшаве. А калі пачалася вайна, запісаўся ў батальён абароны польскай сталіцы, за што быў пазней узнагароджаны медалём.

Пасля капітуляцыі Польшчы, вярнуўся на Наваградчыну выкладчыкам роднай мовы і літаратуры ў школе. А потым пераехаў на Беласточчыну, дзе быў прызначаны дырэктарам школы, некалькі разоў нават у Беластоку сустракаўся і гутарыў з Хведарам Ільяшэвічам – рэдактарам беластоцкай беларускай газеты “Новая дарога”.

Валянцін Таўлай, Сяргей Хмара, Тодар Лебяда, Масей Сяднёў, Алесь Салавей, Улядзімір Сядура, Хведар Ільяшэвіч, Аляксей Анішчык, Мінск, 1944 г..jpg

У гады вайны Аляксей Анішчык працаваў выкладчыкам настаўніцкай семінарыі ў Наваградку, ён удзельнічаў у рабоце Другога Ўсебеларускага кангрэса. Пасля вайны жыў у Кракаве, працаваў у розных выданнях. Але ў 1948 годзе яго арыштоўваюць савецкія спецслужбы і прывозяць у Менск. Савецкі трыбунал прыгаварыў яго да расстрэлу, аднак смяротнае пакаранне хутка было заменена на 25 гадоў лагераў строгага рэжыму.

На Поўначы Аляксей Анішчык адбыў 14 гадоў і вярнуўся дамоў.

Аднойчы ён напісаў ліст у беластоцкую “Ніву”, а праз пэўны час атрымаў адказ з БГКТ, у якім яго запрасілі на працу на пасаду кіраўніка аддзела культуры ў БГКТ. Такая прапанова Аляксея Анішчыка задаволіла і ён паехаў у Беласток. Гэта была другая палова 1960-х гадоў.

Сапраўды, хутка Аляксей Анішчык стаў працаваць у БГКТ, наладзіў нават добрыя стасункі з “Нівай”, дзе друкаваў уласныя матэрыялы.

У Беластоку Аляксей Анішчык шчыра пасябраваў з калектывам ансамбля “Лявоніха”, які актыўна выступаў з канцэртамі на Беласточчыне. Ансамбль у той час быў вельмі папулярны. Напрыклад, у верасні 1966 года “Лявоніха” дала 500 канцэртаў. А 501-ае выступленне было ў вёсцы Шымкі Беластоцкага павета перад школьнікамі.

Аднойчы, як прыгадвае ў сваёй кнізе “Беларуская адысея” Аляксей Анішчык, яны сядзелі ў памяшканні БГКТ і гутарылі пра жыццё-быццё. Былі там Анішчык, Юзьвюк, Лобач і нейкі Куц, які працаваў у гарадской управе. Лобач сказаў, што абрыдзела тут жыць у гэтым “шалмане і здзеку польскіх шавіністаў”. “Едзе-едзь на Беларусь! – сказаў яму Анішчык, – там паспрабуеш чэкісцкай ласкі, дык будзеш ва ўсе лапаткі перціся назад..”.

Пасля гэтай гутаркі, Анішчыка праз пару дзён выклікаў камендант ваяводскай управы паліцыі і следчы. Ва ўспамінах Аляксей Анішчык прыгадвае: “Спярша камендант запытаў, як даўно я прыехаў (хоць яны ўжо ўсё пра мяне дасканальна ведалі), з якой мэтаю і што думаю далей рабіць. Я коратка адказаў, што жыву ў Польшчы другі год. Польшча мне не чужая – тут канчаў універсітэт, шмат гадоў працаваў і дабравольцам бараніў Варшаву ў часе нямецкай інвазіі… А Беласточчына для мяне амаль родная, бо я працаваў тут дырэктарам школы і маю шмат блізкіх сяброў – так беларусаў, як і палякаў. А калі ўсё пойдзе ладом, то можа ізноў пайду працаваць у школу. У часе гэтай размовы другі функцыянер (праўдападобна з польскага УБ – гэта значыць – бяспекі) часта ўмешваўся, задаючы колкія і нават злосныя пытанні і нешта запісваючы. Пратрымалі мяне каля гадзіны і развіталіся. Хутка выявілася, што Куц быў стукачом, настрачыў на мяне данос і перадаў свайму начальству ў УБ. Хутка паліцыя выклікала Юзьвюка і дала яму такую галавамойку, так запалохала, што ён запрапанаваў мне неадкладна выязджаць з Беластока, хоць яму гэтага вельмі не хацелася. Сітуацыя была яснай: энкавэдысты Беларусі баяцца, што магу расказаць зашмат праўды пра жыццё ў савецкай імперыі…”

Хутка Аляксей Анішчык пакінуў Беласток і прыехаў на Віленшчыну ў Эйшышкі. А потым перасяліўся ў Вільню, дзе і пражыў да канца свайго жыцця. Там прымаў самы актыўны ўдзел у беларускім руху. Ён узначальваў суполку віленскіх беларускіх палітвязняў, быў адным з заснавальнікаў беларускай школы ў Вільні, уваходзіў у склад рэдкалегіі старонкі “Беларус Віленшчыны”.

У канцы ХХ стагоддзя адна за адной выходзілі яго кнігі: кніга вершаў на рускай мове “Жизнь живым принадлежит” (1996), вершы і нарысы “За калючым дротам “ (1996), “Мондзінская балада” (1996), кнігі артыкулаў і ўспамінаў “Партрэты”, “Выбраныя Богам”, “Сяргей Хмара” і іншыя. Але самым каштоўным выданнем Аляксея Анішчыка была і застаецца кніга “Наваградская беларуская гімназія” (Вільня, 1997) з прадмоваю вялікага беларуса, акадэміка Барыса Кіта.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя