Першы фэст салідарнасці палякаў, украінцаў і беларусаў „OPÓR” („Супраціў”) адбыўся ў Варшаве
Гасцей імпрэзы чакала насычаная праграма. Удзень – інтэрактыўныя пляцоўкі, курсы польскай мовы, кірмаш майстэрняў, прэзентацыя дабрачынных і незалежных арганізацый, спартовага клуба і тату-салона, фуд-корты.
Увечары ж – вялікі канцэрт беларускіх, украінскіх і польскіх музыкаў. На сцэну выйшлі Romario Punch, Grohotsky, Karlen&Co, I33I, RVAŃ, NXOV, Tyapin Crew, Szara Masa, Graphotype, The Superbullz, Dj Dz.Moon.
Нягледзячы на дождж, наведвальнікі падзеі адпачывалі на самага закрыцця фэсту.
Чаму ладзіць такія імпрэзы важна, патлумачыў сувядучы канцэрту Марк.
– Трэба зараджаць людзей энергіяй, трэба даваць ім надзею. Музыка дапамагае заўжды, гэтыя эмоцыі, гэта пазітыў. Так, насамрэч, я чакаў, што будзе больш людзей, але магчыма яшчэ падцягнуцца. Усе прыйшлі, каб кайфаваць, паслухаць свае ўлюблёныя гурты, спяваць з імі і падтрымліваць свае краіны і краіну-суседа.
На завяршэнне падзеі на сцэну выйшаў галоўны арганізатар фэсту Андрэй Цяпін і падзякаваў усім, хто спрычыніўся да мерапрыемства.
Усе сродкі ад імпрэзы пойдуць у два дабрачынныя фонды. Палова – на карысць дзецям, якія ўцяклі ад вайны ва Украіне (фонд “Mama Vdoma”), палова – на дапамогу палітычным вязням у Беларусі (фонд “INeedHelp.BY”).
Беларускае Радыё Рацыя











