Пра Алега Лойку і беларускую літаратуру ў кантэксце славянскай



У Менску выйшаў з друку вялікі том, у якім прадстаўлены матэрыялы ўдзельнікаў ХІІІ Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Cлавянскія літаратуры ў кантэксце сусветнай», якая адбылася 28–29 кастрычніка мінулага года на філалагічным факультэце БДУ ў Менску.

У кнігу ўвайшлі матэрыялы канферэнцыі, прысвечанай 100-годдзю БДУ і 90-годдзю з дня нараджэння члена-карэспандэнта Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі, доктара філалагічных навук, прафесара Алега Лойкі.

Не ўсе ўдзельнікі змаглі летась патрапіць на канферэнцыю з-за каронавірусу, але даклады іх выступленняў сабраны пад адну вокладку на самыя разнастайныя тэмы. У гэтых артыкулах асветлены актуальныя пытанні тэорыі, гісторыі і паэтыкі літаратуры, кампаратывістыкі, літаратурных сувязяў і кантактаў, мастацкага перакладу, нацыянальнага і сусветнага літаратурнага працэсу, сучаснай паэзіі і прозы, развіцця жанраў і стыляў, літаратурнай і моўнай адукацыі і іншыя.

Кніга распачынаецца матэрыяламі пра Алега Лойку. З цікавасцю чытачы прачытаюць пра пасіянарнасць прафесара, пра Алега Лойку – вучонага і паэта, пра ролю ўніверсітэцкага літаб’яднання “Узлёт” у творчым стаўленні маладых паэтаў, пра экспромты Алега Лойкі і пра мінскую тэму ў яго паэзіі, і дзесяткі іншых даследаванняў, звязаных з творчасцю Алега Лойкі.

Другі раздзел выдання прысвечаны сучаснай літаратуры і аспектам кампаратывістыкі, трэці – беларускай літаратуры ХХ стагоддзя, чацвёрты –літаратуры Беларусі і суседніх краін на мяжы XX-XXI стагоддзяў, пяты – тэорыі, мове, дыдактыцы, літаратуры і мастацтву.

Навуковым рэдактарам кнігі «Cлавянскія літаратуры ў кантэксце сусветнай» з’яўляецца доктар філалагічных навук, прафесар Алесь Бельскі. Першы асобнік кнігі ўжо паступіў у Слонімскую раённую бібліятэку імя Якуба Коласа для музея-пакоя Алега Лойкі.

Беларускае Радыё Рацыя