Пра моўную даведку і казачны форум…
Выйшаў свежы нумар электроннага выдання “Наша слова.pdf”. Ён, як ранейшыя нумары, вельмі багаты на разнастайную інфармацыю. Найперш “Наша слова” паведамляе пра Трэці Міжнародны форум даследчыкаў казкі і фальклору, арганізаваны Цэнтрам даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. У ім удзельнічалі даследчыкі з Беларусі, краін Балтыі, Расеі, Закаўказзя.
Для ўдзельнікаў форума была арганізавана выстава ілюстрацый па матывах народных казак, мастацкіх праектаў – пераможцаў рэспубліканскіх конкурсаў Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Там жа можна было таксама азнаёміцца з тэматычнай выставай выданняў з кніжных фондаў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа. Больш падрабязна матэрыял на гэту тэму можна прачытаць на старонцы электроннага выдання.
Піша “Наша слова” і пра новы сэрвіс „Моўная даведка” ад Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Ён будзе адказваць на пытанні, якія тычацца правапісу, вымаўлення, значэння і ўжывання слоў і выразаў, гісторыі беларускай мовы, народных гаворак, этымалогіі, лінгвістычных выданняў.
Пісьменнік Леанід Лаўрэш нядаўна прэзентаваў сваю апошнюю кнігу „Інстынкт пазнання. Нарысы з гісторыі адукацыі ў горадзе Ліда”. Прэзентацыя адбылася ў Лідзе, пра яе таксама піша “Наша слова”.
Працягвае публікаваць выданне і пра драматурга Францішка Аляхновіча. Гэта пераклады яго гутарак з польскай газеты “Слова” 1933 года, пасля таго, як драматург вярнуўся са сталінскіх лагераў і быў абменены на Браніслава Тарашкевіча.
“Наша слова” публікуе і шмат іншых цікавых матэрыялаў.
Беларускае Радыё Рацыя
