Праца па аднаўленні палаца Горватаў у Нароўлі працягваецца
Нягледзячы на ад’езд Андрэя Горвата праца па аднаўленні палаца Горватаў у Нароўлі працягваецца. Пра гэта ў сваім тг-канале напісаў яго кампаньён Пётр Кузняцоў.

Некалькі дзён таму пісьменнік Андрэй Горват паведаміў, што пакінуў Беларусь і перабраўся ў Вільню. Пасля гэтага пайшлі чуткі, што рэстаўрацыя палаца ў Нароўлі закінутая. Гэтыя чуткі і вырашыў абвергнуць Кузняцоў.
Ён нагадвае, што ўвосень 2020 года палац Горватаў у Нароўлі выкупілі кампаньёны — Андрэй Горват, Пётр Кузняцоў і Аляксандр Баранаў.
„З таго моманту ў палацы здарылася ўжо нямала падзей: ён быў цалкам расчышчаны, створаны праект кансервацыі, згодна з ім закладзены асновы даху, створаны і амаль узгоднены праект рэканструкцыі. Ад’езд Горвата не сарваў аднаўленне палаца, хаця і стаў непрыемнай неспадзяванкай. На дадзены момант усе працы, якія вяліся па распрацоўцы і ўзгадненні праектнай дакументацыі, працягваюцца мной — нічога не спынілася”, — заяўляе Кузняцоў.