Прэм’ера ў Слонімскім драмтэатры



У Слонімскім драматычным тэатры адбылася прэм’ера па п’есе драматурга Аляксандра Кароўкіна. Прэм’ера называецца “Палата бізнес-класа”. Пастаноўку спектакля ажыццявіў галоўны рэжысёр тэатра Васіль Сявец.

Дзеянне п’есы адбываецца ў бальніцы ў “палаце бізнес-класа”. У гэту палату пасяляюць двух несумяшчальных пацыентаў: заслужанага артыста-пенсіянера, ролю якога выконвае артыст Уладзімір Навумік і бізнесмена. Па п’есе гэта высокапастаўлены чыноўнік, але такога чыноўніка ў нас сёння быць не можа, таму рэжысёр, не па яго ўласнаму жаданню, замяніў яго на бізнесмена (артыст Сяргей Яўменаў).

Са з’яўленнем бізнесмена можна адразу забыць пра спакой у палаце і пра цішыню. Стварылася ўражанне, што “само жыццё” раптам перабралася да іх у бальніцу. За паўтары гадзіны на некалькіх квадратных метрах адбываюцца розуму недаступныя рэчы. Таму расказаць лінію сюжэта практычна немагчыма – гэта павінен кожны глядач бачыць сам.

Віхура абставін, якія хутка мяняюцца і, як снежны камяк, абрушваюцца на галоўных герояў, застаўляюць іх імгненна прыстасавацца да неадкладнай раптоўнасці жыцця. У спектаклі пераплятаецца ўсё – і шчыры гумар, і тонкі лірызм, і жыццёвая мудрасць. Тым больш, што ў галоўнага героя Віктара Разніцкага трашчыць па швах камерцыйная афёра, у бальніцы адначасова з’яўляюцца жонка і каханка, і муж каханкі. Разніцкаму прыходзіцца прыдумаць сапраўдную містыфікацыю, выдаючы аднаго чалавека за другога, чорнае за белае. І тут паехала! Адзін з герояў выскоквае ў акно, другая закрываецца ў ваннай, трэцяя хаваецца пад ложкам… Ды і сусед-акцёр сітуацыю ўскладняе, жадаючы дапамагчы добрай парадай, але пераблытаўшы пераблытанае і зусім усё заблытаўшы.

Увесь акцёрскі ансамбль стварыў светлую сцэнічную пастаноўку, ад якой акцёры гледачам даюць вволю пасмяяцца, а можа нават, у чымсьці і пазнаць сябе.

Беларускае Радыё Рацыя