Прэзентацыя адноўленай партытуры оперы Канстанціна Горскага «Маргер» у Варшаве



1 сакавіка экс-дырыжор Вялікага тэатра Беларусі Іван Касцяхін прэзентуе ў Варшаве партытуру страчанай оперы беларуска-украінскага кампазітара Канстанціна Горскага «Маргер», якую ён аднавіў.

Дата: 1 сакавіка. Час: 19.00 (час мясцовы). Месца: MediaPort Belarus, Варшава.

Вас чакае прэзентацыя поўнай аркестравай транскрыпцыі і адраджэння партытуры з удзелам таксама эксперта па творчасці Горскага, дырэктара Biuro Polonijne Гжэгажа Сэрочыньскага.

Арыгінальная партытура «Маргера», створанага ў 1905 годзе ў Харкаве (Украіна), дзе Горскі жыў і працаваў шмат гадоў, была знішчана падчас Другой сусветнай вайны — ад яе застаўся толькі цудам ацалелы клавір (перакладанне для спеваў з фартэпіяна).

Эпічна-драматычная опера з’явілася на сцэне толькі аднойчы ў Познані, у 1927 годзе, ужо пасля смерці кампазітара.

Знаўцы рэдкай музыкі шкадавалі, што гэты твор, зняволены ў пастцы старонак фартэпіяннага скарачэння, немагчыма пачуць у выкананні поўнага аркестру. Рэканструкцыя поўнай партытуры вяртае гледачам адзін з еўрапейскіх оперных шэдэўраў.

Арганізатары чакаюць аматараў класічнай музыкі!

Рэгіструйцеся па спасылцы. На мэйл, указаны пры рэгістрацыі, вам дашлюць запрашэнне з падрабязнасцямі.