Прэзентацыя кнігі Віктара Сямашкі «Аўтар мае рацыю заўжды» ў Беластоку



У чацвер, 2 сакавіка, завітайце на творчую сустрэчу з музыкам ды паэтам Віктарам Сямашкам.

Дата: 2 сакавіка. Час: 18.00 (час мясцовы). Месца: Klubokawiarnia Duży Pokój, Icchoka Malmeda 3, Беласток. 

Вас чакае канцэрт-прэзентацыя паэтычнае кнігі «Аўтар мае рацыю заўжды» — аўтарская меладэкламацыя з уласным жа фартэпіянным акампанементам!

У новай кнізе Віктара Сямашкі сабраныя ягоныя вершы, напісаныя цягам 2009 – 2011 гг., дапрацоўка якіх трывала да моманту публікацыі. Тэксты аб`яднаныя ў шэсць цыклаў. У цэнтры зместу – «Паэма М». Гэта своеасаблівае прысвячэнне Менскаму метрапалітэну. Гэтым жа тлумачыцца прысутнасць у кнізе фатаздымкаў Аляксея Навумчыка, зробленых на розных станцыях сталічнага метро. Над дызайнам і вёрсткай працаваў беластоцкі майстар, музыка Юрка Асеннік. У Беластоку ж кніга была надрукаваная ў мінулым студзені. На думку аўтара, зборнік выйшаў у добрым сэнсе «фармалісцкім». Тут шмат экспэрымэнтаў з арганізацыяй слоў і радкоў, ёсць шэраг паліндромаў, вершаў, складзеных з германізмаў, з прымавак альбо з назваў нотаў і г.д. «Больш за дзесяць гадоў гэта кніга была толькі ў маёй галаве, і вось цяпер я трымаю яе ў рукох, і гэта неверагоднае адчуванне. Дагэтуль падаецца, што ўсё адбываецца ў сне», – гаворыць аўтар.

Віктар Сямашка
 — музыка, паэта, даследчык, радыё-вядоўца. Сябра Саюзу беларускіх пісьменнікаў. Аўтар публікацый па гісторыі беларускага джазу, авангарду, рок-андэграўнду. На музычнай сцэне з канца 1990-х гг.

Уваход вольны!