Прысвячэнне Алесю Разанаву ад Вольных Купалаўцаў



На Youtube-канале незалежнай беларускай тэатральнай групы з’явілася новае відэа — «Голас». У ім Вольныя Купалаўцы чытаюць вершы беларускага паэта Алеся Разанава, які сышоў ад нас год таму, 26 жніўня.

У атмасферным, маляўнічым відэапасвячэнні развагі і паэтычныя радкі паэта-наватара чытаюць: Валянціна Гарцуева, Мікалай Кучыц, Алена Зуй-Вайцяхоўская, Міхась Зуй, Мікалай Пінігін, Алеся Бельская, Аляксандр Зелянко, Зоя Белахвосцік, Сяргей Чуб, Андрэй Дробыш, Віктар Манаеў.

Рэжысёр відэатвора — Андрэй Кашперскі.

«Гэтае відэа мы здымалі ў ва Украіне летась, увосень, — напісалі на сваёй старонцы ў сацсетках артысты. — У халодныя волкія туманы чыталі вершы Алеся Разанава, спрабавалі асэнсаваць тую страту. Мінуў амаль год, і стратам цяпер няма ліку — кожная адгукаецца болем.

Сёння роўна год, як няма з намі Алеся Сцяпанавіча, а словы ягоныя засталіся, словы ягоныя вядуць нас далей, увасабляюць нашу тугу і гора… І акурат так супала, што сёння два гады, як мы пачалі самастойнае жыццё. Мы хочам падзяліцца з вамі гэтым сполахам-успамінам».