Рада культуры працягвае рэвізію беларускіх артэфактаў у замежных музеях



Рада культуры працягвае рэвізію беларускіх артэфактаў у замежных музеях. Цяпер чарга слуцкіх паясоў.

Беларуская Рада культуры прапануе накіроўваць лісты ў сусветныя музеі з просьбай пазначаць дакладнае месца паходжання слуцкіх паясоў. Шаблон такога ліста можна знайсці на старонках Рады.

Слуцкія паясы – гэта папулярныя ў другой палове 18 ст. элементы шляхецкага строю, што вырабляліся на тэрыторыі Беларусі. Пачаткова яны зваліся “персідскімі”. Але пазней матывы беларускай флоры цалкам выцеснілі персідскую арнаментыку, а вырабленыя ў Слуцку паясы істотна паўплывалі на стылістыку вытворчасці падобных паясоў у іншых гарадах Рэчы Паспалітай і Еўропы. Гэта дало падставу ўжываць тэрмін “слуцкія паясы” для агульнай назвы паясоў такога тыпу, не зважаючы на месца іх вытворчасці.

Сёння ў Беларусі захоўваюцца адзінкавыя экзэмпляры і фрагменты паясоў, а большая іх частка знаходзіцца ў музейных і прыватных калекцыях свету.

Беларускае Радыё Рацыя