Шторм і штурм паэта Тодара Кляшторнага



11 сакавіка спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння аднаго з таленавітых беларускіх паэтаў Тодара Кляшторнага (1903-1937).

У вершы “Ліст у Сібір” паэт пісаў:

Цяпер снягі… Вячэрняю зарою

З пунсовай шклянкі белая зіма

Частуе Менск наліўкай ледзяною…

Цябе ж няма…

Даўно няма Тодара Кляшторнага, ён трапіў у тую смяротную ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года, калі былі знішчаныя больш за 20 беларускіх пісьменнікаў. Вельмі таленавіты паэт меў схільнасць да імпрэсіянізму, уваходзіў у “крамольную” на той час арганізацыю ТАВІЗ (Таварыства аматараў выпіць і закусіць), а таксама ў “Маладняк”, “Узвышша”, БелАПП.

І пісаў цудоўныя вершы:

Мёрзлы месяц з-за гор васількамі

Перасыпаў азёрную сінь.

Стыне ўсё…

Ледзянымі сярпамі

Выйшла восень рабіну касіць.

Тодар Кляшторны нарадзіўся ў вёсцы Парэчча Лепельскага раёна. З маленства рабіў усё, што даводзілася рабіць вясковым дзецям. Потым вучыўся ў Аршанскім рабфаку, а ў 1925 годзе ў альманаху “Аршанскі маладняк” з’явіліся яго першыя вершы. У Менску малады паэт паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, пачаў шмат друкавацца.

У 1927 годзе выйшаў з друку першы зборнік вершаў Тодара Кляшторнага “Кляновыя завеі”, праз год з’явіліся “Светацені”, потым – “Ветразі”, “Палі загаманілі”, “Праз шторм – на штурм”, “Пра зайца, ваўка і мядзведзя”:

На зары і радасць пунсавее,

Весялее скрыпак пераліў…

Маладосць у казачныя шлеі

Запрагае сонечныя дні.

Сонечныя дні Тодара Кляшторнага скончылі ў 34 гады. Адначасова ў Акмолінскі лагер была саслана і жонка паэта з малодшай дачкой. Старэйшыя дзеці трапілі ў дзіцячы дом…

Вось такім быў трагічны лёс паэта і яго сям’і. Рэабілітаваны Тодар Кляшторны ў 1957 годзе.

Беларускае Радыё Рацыя